Вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў Бархам Салех на аўдыенцыі ў Льва XIV Вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў Бархам Салех на аўдыенцыі ў Льва XIV  (ANSA)

Вярхоўны камісар ААН: Касцёл – важны партнёр у дапамозе бежанцам

Касцёл застаецца адным з ключавых партнёраў ААН у аказанні дапамогі вымушаным перасяленцам па ўсім свеце, - заявіў Вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў Бархам Салех пасля сустрэчы з Львом XIV у Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Паводле Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН), на сярэдзіну 2025 года ў свеце налічвалася 117,3 мільёна чалавек, вымушаных пакінуць свае дамы з-за канфліктаў, гвалту, пераследу і іншых крызісаў. Каля 42,5 мільёнаў з іх – бежанцы.

Леў XIV, як і яго папярэднікі, неаднаразова выказваў заклапочанасць лёсам мігрантаў і бежанцаў і заклікаў не заставацца абыякавымі да іх праблем. 26 студзеня 2026 года ён прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Бархама Салеха, Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў і экс-прэзідэнта Ірака. Салех, які ўступіў на пасаду Вярхоўнага камісара 1 студзеня 2026 года і сам у мінулым перажыў досвед бежанца, падкрэсліў, што яго мандат пачынаецца ў перыяд беспрэцэдэнтных выклікаў.

Падчас аўдыенцыі для Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў Бархама Салеха
Падчас аўдыенцыі для Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў Бархама Салеха   (ANSA)

Колькасць вымушаных перасяленцаў расце, а гуманітарныя рэсурсы для вырашэння маштабнай праблемы застаюцца абмежаванымі. Сваімі прыярытэтамі на новай пасадзе Бархам Салех назваў пошук рэсурсаў для задавальнення патрэб бежанцаў, а таксама іх абарону, аказанне неадкладнай дапамогі і працу над доўгатэрміновымі рашэннямі, якія дазволяць людзям выйсці з замкнёнага кола шматгадовага жыцця ў лагерах. Ён адзначыў, што знаходжанне мільёнаў людзей у стане вымушанага перасялення на працягу пяці, дзесяці і нават дваццаці гадоў з’яўляецца непрымальным. У Чадзе і Кеніі ён сустракаўся з бежанцамі, якія жылі ў лагерах з 2003 года.

Ён заклікаў да больш цеснага супрацоўніцтва паміж агенцтвамі ААН, урадамі прымаючых краін, міжнароднай супольнасцю і фінансавымі інстытутамі, такімі як банкі развіцця, каб бежанцы маглі інтэгравацца ў жыццё краін, атрымліваць доступ да адукацыі, медыцыны і рынку працы, замест таго каб проста залежаць ад гуманітарнай дапамогі. “У канчатковым рахунку, бежанцы – гэта не статыстыка, а людзі, якія валодаюць свабодай волі. Яны заслугоўваюць павагі. Яны заслугоўваюць абароны”, - нагадаў кіраўнік УВКБ ААН.

Агенцтва ААН працягвае рэагаваць на надзвычайныя сітуацыі, нягледзячы на істотны дэфіцыт фінансавання. Нядаўна ЗША выдзелілі 2 мільярды долараў у гуманітарны фонд ААН. “Гэта вітаецца, і мы спадзяемся на дадатковую дапамогу”, - заўважыў Бархам Салех, дадаючы, што маштабы праблемы велізарныя, а наяўныя рэсурсы вельмі абмежаваныя. Да найбольш актуальных крызісаў кіраўнік УВКБ аднёс сітуацыю з бежанцамі ў Судане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Венесуэле, а таксама становішча народа рахінджа. Ён заклікаў міжнародную супольнасць дапамагчы знайсці доўгатэрміновыя рашэнні для бежанцаў. “Гэта юрыдычная адказнасць, маральны абавязак і сведчанне нашай калектыўнай чалавечнасці. Гэта маральны і правільны ўчынак”, - сказаў ён, дадаючы, што канчатковым і найбольш устойлівым вырашэннем праблемы бежанцаў застаецца мір, які дазволіць людзям вярнуцца дадому бяспечна і з годнасцю.

Вярхоўны камісар адзначыў ролю Касцёла і рэлігійных арганізацый, якія прыходзяць на дапамогу людзям у крызісных сітуацыях. Ён заявіў, што сустрэча з Львом XIV была для яго вялікім гонарам і важнай магчымасцю абмеркаваць праблемы бежанцаў. Ён падкрэсліў пастаянную падтрымку Папы і значэнне яго маральнага аўтарытэту, адзначыўшы, што партнёрства з Касцёлам і рэлігійнымі арганізацыямі з’яўляецца важным рэсурсам у працы па аказанні дапамогі бежанцам.

Сустрэча Папы з Бархамам Салехам
Сустрэча Папы з Бархамам Салехам   (ANSA)
27 студзеня 2026, 10:45