Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі князя Манака
17 студзеня 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў ватыканскім Апостальскім палацы князя Манака Альберта ІІ. Пасля аўдыенцыі манарх сустрэўся з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, сакратаром па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
Марыя Валодзіна - Vatican News
Як паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы, у ходзе цёплых перамоў у Дзяржаўным сакратарыяце бакі падкрэслілі добрыя двухбаковыя адносіны Святога Пасада і Манака, а таксама адзначылі значны гістарычны ўклад Каталіцкага Касцёла ў сацыяльнае жыццё княства.
Абмяркоўваліся пытанні, якія ўяўляюць агульны інтарэс, такія як клопат аб навакольным асяроддзі, гуманітарная дапамога і абарона годнасці чалавека.
Бакі абмяняліся думкамі аб бягучых падзеях на міжнароднай арэне з асаблівым акцэнтам на мір і бяспеку, а таксама на агульную сітуацыю на Блізкім Усходзе і ў некаторых рэгіёнах Афрыкі.
17 студзеня 2026, 13:52
