Студэнты Экуменічнага інстытута Босэ на аўдыенцыі ў Папы

Падчас Тыдня малітвы за хрысціянскае адзінства дэлегацыя Экуменічнага інстытута Босэ (Швейцарыя) наведала Ватыкан і прыняла ўдзел у агульнай аўдыенцыі Льва XIV. Па словах дэкана, студэнты інстытута, якія прадстаўляюць больш за дваццаць краін свету і належаць да розных царкоўных традыцый, утвараюць “жывую лабараторыю экуменізму”.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Дэкан інстытута, ксёндз Лоўрэнс Івуамадзі, першы католік на гэтай пасадзе, адзначыў, што інстытут “штодня практыкуе экуменізм”. "Наша мэта – вучыць будучых лідараў, здольных працаваць у складаным і падзеленым свеце, і сведчыць адзінства, пра якое маліўся Хрыстус", - падкрэсліў ён, дадаючы, што Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян, які сёлета мае тэму “Адно цела, адзін дух, адна надзея, да якой паклікаў нас Бог” (пар. Эф 4, 4), дапамагае пераадольваць некаторыя стэрэатыпы, якія часам узнікаюць з-за фізічнай аддаленасці ад Рыма.

Моладзь з Экуменічнага інстытута, які месціцца ў замку Босэ непадалёк ад Жэневы і сёлета адзначае сваё 80-годдзе, наведала Ватыкан у рамках традыцыйнага візіту. Яго мэта – знаёмства з жыццём Каталіцкага Касцёла: дыкастэрыямі Рымскай курыі, папскімі ўніверсітэтамі, каталіцкімі рухамі і ордэнамі. На папскую аўдыенцыю дэлегацыю суправаджаў ксёндз Анджэй Хараманскі з Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.

25 студзеня 2026 года, ва ўрачыстасць Пераўтварэння апостала Паўла, студэнты прымуць удзел у вячэрняй малітве на заканчэнне тыдня экуменічнай малітвы, якую ў базіліцы святога Паўла ўзначаліць Леў XIV, а таксама ў Святой Імшы з нагоды VII нядзелі Божага Слова.

На агульнай аўдыенцыі таксама прысутнічалі тэолагі з Нідэрландаў, удзельнікі фестывалю “4 Corners” з Белфаста, маладыя бразільскія музыканты з гурта “The Brazilians Tropical Violins”, невідушчая спявачка з Дамініканы Жанэт Маркез і перуанскі рэжысёр Луіс Энрыке Кам, які стварыў дакументальны фільм пра святую Ружу з Лімы.

22 студзеня 2026, 13:06