Святы Тамаш Аквінскі Святы Тамаш Аквінскі 

Папа: святы Тамаш Аквінскі натхняе адкрываць прыгажосць веры

Напрыканцы агульнай аўдыенцыі, якая адбылася 28 студзеня 2026 года ў Ватыкане, Папа нагадаў пра каштоўнасць прыкладу і спадчыны святога Тамаша Аквінскага.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Святы Тамаш Аквінскі, літургічны ўспамін якога мы адзначаем сёння, праз свае творы дапамагае нам усё лепш і лепш разумець Божае Аб’яўленне. Няхай прыклад гэтага Доктара Касцёла натхніць таксама і нас шукаць аблічча Бога і адкрываць для сябе прыгажосць веры”, - сказаў Леў XIV, вітаючы пілігрымаў, якія сабраліся ў Зале Паўла VI.

Папа выказаў пажаданне, каб святы Тамаш Аквінскі дапамагаў у разуменні Святога Пісання, “якое ён з такой мудрасцю тлумачыў, каб мы маглі ўсвядоміць, як моцна Бог любіць нас і жадае нашага збаўлення”.

Пантыфік пажадаў таксама, каб прыклад святога Тамаша Аквінскага натхніў моладзь ісці за Езусам як за сапраўдным настаўнікам жыцця і святасці; каб адарыў хворых супакоем і святлом, якія зыходзяць з таямніцы крыжа; а маладажонам даў мудрасць сэрца, каб яны шчодра выконвалі сваю місію ў грамадстве.
 

28 студзеня 2026, 11:13