Пошук

Джон Ален з жонкай на сустрэчы з Львом XIV Джон Ален з жонкай на сустрэчы з Львом XIV 

Памёр вядомы амерыканскі ватыканіст Джон Ален

22 студзеня 2026 года ў Рыме памёр Джон Ален – адзін з самых вядомых у свеце ватыканістаў, сузаснавальнік і галоўны рэдактар англамоўнага анлайн-выдання “Crux”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

На працягу апошніх чатырох гадоў амерыканскі журналіст мужна змагаўся з анкалагічным захворваннем, працягваючы аналізаваць і асвятляць жыццё Святога Пасада і Каталіцкага Касцёла.

Джон Ален нарадзіўся ў 1965 годзе ў горадзе Хейс, штат Канзас, ЗША. У 1997 годзе ён пераехаў у Рым у якасці карэспандэнта выдання “National Catholic Reporter”. Як журналіст асвятляў дзейнасць Папы і Апостальскай Сталіцы, суправаджаў Пантыфікаў падчас Апостальскіх падарожжаў і выступаў у якасці эксперта ў амерыканскіх СМІ.

У 2014 годзе стаў сузаснавальнікам каталіцкага інфармацыйнага партала “Crux”, які спецыялізуецца на асвятленні ватыканскіх падзей для англамоўнай аўдыторыі, у першую чаргу ў ЗША. Аўтар некалькіх кніг, у тым ліку біяграфіі Бэнэдыкта XVI.

Успамінаючы Джона Алена, галоўны рэдактар СМІ Святога Пасада Андрэа Тарніелі адзначыў яго адкрытасць, пачуццё гумару, здольнасць усталёўваць кантакты з людзьмі і высокі прафесіяналізм.

“Джон умеў расказваць і інтэрпрэтаваць як унутраныя падзеі ў Ватыкане і Касцёле – напрыклад, скандалы, звязаныя са злоўжываннямі адносна непаўналетніх, – так і ролю Святога Пасада і яго дыпламатыі ў міжнародных падзеях, асабліва тых, дзе галоўная ролю адыгрывалі Злучаныя Штаты. У сваіх артыкулах ён спалучаў дакладнасць і ўвагу да крыніц з глыбокім аналізам і кантэкстам. Джон заўсёды выкарыстоўваў “прамыя” цытаты з указаннем імёнаў і прозвішчаў. Ён ніколі не ўспрымаў нічога як само сабой зразумелае і пісаў так, каб яго матэрыялы былі зразумелыя шырокай аўдыторыі – не толькі католікам і вернікам. Нават калі можна было не пагадзіцца з яго высновамі, матэрыялы варта было прачытаць, бо яны тлумачылі складаную рэальнасць Святога Пасада без баналізацыі”, - падкрэсліў Андрэа Тарніелі.
 

23 студзеня 2026, 10:34