Пошук

Папа да паліцыі: парадак і спакой – прыкмета цывілізаванасці

На аўдыенцыі для супрацоўнікаў італьянскай паліцыі, акрэдытаванай пры Святым Пасадзе, Папа падкрэсліў іх ключавую ролю ў забеспячэнні парадку, бяспекі і спакойнай атмасферы для мільёнаў пілігрымаў у перыяд Юбілею і пераходнага перыяду.

Марыя Валодзіна - Vatican News

19 студзеня 2026 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане кіраўніцтва і супрацоўнікаў Інспекцыі грамадскай бяспекі – італьянскай паліцыі, якая служыць пры Святым Пасадзе. Ён скарыстаўся традыцыйнай сустрэчай у пачатку каляндарнага года, каб выказаць паліцыі сваю жывую ўдзячнасць за каштоўную працу падчас Юбілею, а таксама ў перыяд “sede vacante” пасля смерці Папы Францішка, яго пахавання і канклава.

Святы Айцец адзначыў прафесіяналізм, дух ахвярнасці, гнуткасць і абачлівасць, з якімі супрацоўнікі службы бяспекі выконвалі свае абавязкі ў сітуацыях, якія часам разгортваліся з вялікай хуткасцю, часам былі запланаванымі, а часам – непрадказальнымі. Дзякуючы іх працы, усе мерапрыемствы прайшлі ўпарадкавана і бяспечна.

Падчас аўдыенцыі для супрацоўнікаў паліцыі
Падчас аўдыенцыі для супрацоўнікаў паліцыі   (@Vatican Media)

Пантыфік адзначыў, што за апошнія месяцы Рым, асабліва юбілейныя месцы, наведалі больш за 33 мільёны пілігрымаў. Паліцыі давялося кіраваць бясконцымі патокамі людзей, суправаджаць паездкі і несці службу пры любым надвор’і, часта з нязручным і патрабавальным графікам. У сувязі з гэтым Леў XIV адрасаваў асобныя словы ўдзячнасці сем’ям паліцэйскіх, якія таксама ўскосна падзяляюць цяжар гэтай службы.

Папа падкрэсліў, што парадак і бяспека – гэта не толькі выкананне правілаў, але і ўмова для стварэння спакойнай, малітоўнай атмасферы. Бяспечнае асяроддзе важнае для малітвы і духоўнага досведу пілігрымаў, многія з якіх прыбылі ў Рым, пераадольваючы значныя фізічныя і матэрыяльныя цяжкасці, - адзначыў ён.

Леў XIV нагадаў словы малітвы да святога Арханёла Міхаіла, апекуна праваахоўнікаў, якія кажуць пра “згоду, сумленнасць і мір” як аснову чалавечага братэрства. На яго думку, прыгожыя словы гэтай малітвы з'яўляюцца праграмай служэння, жыцця і пастаяннага асабістага і грамадскага росту паліцэйскіх.

На заканчэнне сустрэчы Пантыфік працытаваў Бэнэдыкта XVI, які ў 2013 годзе пажадаў, каб прысутнасць паліцыі ў Ватыкане была гарантыяй таго добрага парадку і спакою, якія з'яўляюцца падмуркам для пабудовы мірнага грамадскага жыцця, вучаць нас евангельскаму пасланню і з'яўляюцца прыкметай сапраўднай цывілізаванасці.

Даручыўшы супрацоўнікаў паліцыі і іх сем’і апецы Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Арханёла Міхаіла, Папа запэўніў іх у сваёй малітве і ад усяго сэрца ўдзяліў апостальскае благаслаўленне.

Аўдыенцыя Папы для паліцэйскіх Інспекцыі грамадскай бяспекі
Аўдыенцыя Папы для паліцэйскіх Інспекцыі грамадскай бяспекі   (@Vatican Media)
19 студзеня 2026, 12:04