Пантыфік да “Regnum Christi”: ведаць, хто мы, каб весці дыялог са светам
Марыя Валодзіна - Vatican News
29 студзеня 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў Генеральных асамблей таварыстваў апостальскага жыцця, якія ўваходзяць у духоўную сям’ю “Regnum Christi”. У прамове ён падзяліўся з імі сваімі разважаннямі па трох ключавых пытаннях: харызмы, кіравання і адзінства.
Харызма надае касцёльным супольнасцям ідэнтычнасць
Папа падкрэсліў, што харызма кожнай манаскай супольнасці з’яўляецца дарам ад Бога для ўсяго Касцёла. Святы Дух пастаянна абнаўляе Касцёл, даючы розныя харызматычныя дары і пакліканні, каб ён рос і выконваў сваю місію. Гэты дар надае кожнай супольнасці, кожнаму інстытуту і таварыству асаблівую ідэнтычнасць, якая робіць іх вядомымі і пазнавальнымі ў Касцёле і свеце. "Сёння больш чым калі-небудзь неабходна ведаць, хто мы, калі мы жадаем весці сапраўдны дыялог з грамадствам, не будучы паглынутымі, не губляючы сваёй адметнасці,” – падкрэсліў Пантыфік.
Кожны чалавек, які атрымлівае харызму, павінен жыць ёю творча і свабодна, а не проста захоўваць яе як нешта статычнае. Харызма павінна быць жывой сілай, якая развіваецца і адказвае на сацыяльныя і культурныя выклікі часу, застаючыся вернай сваёй першакрыніцы, - падкрэсліў Леў XIV.
Супольнасць, інстытут, таварыства – гэта жывыя арганізмы, у якіх энергія харызмы прасякае кожную клетку і кожнага члена, які, у сваю чаргу, дзеліцца ёю з іншымі. Гэтая энергія павінна ажывіць і натхніць сённяшнюю місію, каб затым быць перададзенай як жывая спадчына наступным пакаленням, - пажадаў Святы Айцец.
Ён падкрэсліў, што аўтарытэт у Касцёле павінен спрыяць супольнаму распазнанню, адказнасці і сталасці рашэнняў. Пантыфік заахвоціў не баяцца шукаць новыя мадэлі кіравання, якія адпавядаюць харызме і духоўнасці канкрэтных інстытутаў і ўмацоўваюць пачуццё супольнай місіі.
Кіраванне – не ўлада, а служэнне
Другой важнай тэмай Леў XIV назваў кіраванне, якое ў таварыствах апостальскага жыцця ўяўляе сабой не ўладу дзеля ўлады, а служэнне, якое суправаджае кожнага члена на шляху за Хрыстом. Пры гэтым кожная супольнасць паклікана знаходзіць свой уласны стыль кіравання, які адпавядае яе харызме і духоўнасці.
Евангельскае кіраванне заўсёды накіравана на падтрымку і суправаджэнне людзей. Важна, каб рашэнні нараджаліся ў супольным распазнаванні, умацоўвалі еднасць і сумесную адказнасць. Папа заклікаў не баяцца эксперыментаваць з новымі мадэлямі кіравання. Сумесны пошук уласнага стылю кіравання не толькі ўзбагачае таварыства і яго членаў, але і ўмацоўвае пачуццё прыналежнасці і ўдзел у агульнай місіі, - адзначыў Святы Айцец.
Еднасць духоўнай сям’і “Regnum Christi”
Трэцяй ключавой тэмай Папа назваў адзінства ўнутры сям’і “Regnum Christi”. Ён нагадаў, што разнастайнасць пакліканняў не супярэчыць еднасці, а, наадварот, узбагачае яе. Усе вернікі маюць агульную годнасць, бо ўсе адноўлены ў Хрысце, і пакліканы да святасці і супрацоўніцтва ў будаванні Цела Хрыстова.
Усе мы ў дарозе, на якую Бог і сёння працягвае натхняць людзей – маладых і старых, бедных і багатых, святых і грэшных – каб вызваляць свет ад старога і новага рабства. Божае Валадарства расце ціха, без шуму, але паўсюль, ва ўсіх кутках свету. І многія супольнасці маюць патрэбу пачуць словы надзеі і падбадзёрвання: ты не меншы, ты важны (пар. Мц 2:6), сказаў Пантыфік.
Даручыўшы гасцей апецы Марыі, Ранішняй Зоркі, Папа падзякаваў ім за служэнне, запэўніў у сваёй малітве і ўдзяліў апостальскае благаслаўленне.
