Пошук

Папа Леў XIV Папа Леў XIV  (@VaticanNews)

Папа да СМІ: супрацьстаяць спакусе банальнасці і фэйкавым навінам

У лісце з нагоды 30-годдзя тэлепраграмы “Porta a Porta”, якая выходзіць на італьянскім канале "Rai 1", Папа папярэдзіў пра новыя рызыкі сучаснай камунікацыі: падмену праўдзівых навін фальшывымі, бясконцы кампульсіўны прагляд тэлепраграм і стужак у сацыяльных сетках, павярхоўную цікаўнасць, а таксама дыялогі, у якіх ніхто нікога не слухае.

Vatican News

Новыя формы камунікацыі адкрываюць перад чалавецтвам невядомыя раней гарызонты, аднак адначасова размываюць межы. У бясконцым патоку слоў і вобразаў хлусня можа выглядаць як праўда, хуткі прагляд – як глыбіня, а маналогі – як дыялогі, у якіх, насамрэч, “ніхто па-сапраўднаму не слухае іншага”, - папярэджвае Святы Айцец у пасланні з нагоды 30-годдзя папулярнай італьянскай тэлепраграмы “Porta a Porta” (“Ад дзвярэй да дзвярэй”) на канале "Rai 1".

За апошнія трыццаць гадоў шмат падзей адбылося ў Італіі, на міжнароднай арэне і ў Касцёле. Войны і мірныя дамовы, крызісы і аднаўленні, радасныя і трагічныя падзеі – усё гэта знаходзіла адлюстраванне ў перадачах “Porta a Porta”, - напісаў Папа, звяртаючыся да вядучага Бруна Веспы, супрацоўнікаў рэдакцыі і гледачоў.

Адначасова змяняліся і сродкі камунікацыі – тэлебачанне і сродкі масавай інфармацыі ў цэлым. Новыя тэхналогіі прынеслі з сабой новыя магчымасці, але таксама і новыя пагрозы, такія як падмен праўдзівых навін ілжывым, “кампульсіўны хуткі прагляд” (zapping) замест уважлівага слухання, звычка бясконца пракручваць стужку ў сацсетках (doom-scrolling) замест асэнсаванага чытання, павярхоўная цікаўнасць замест сапраўднага імкнення да ведаў, а таксама маналогі, якія выдаюцца за дыялогі, у якіх ніхто нікога не слухае.

Каб супрацьстаяць гэтым тэндэнцыям неабходныя цярпенне і дальнабачнасць. Тэхналагічныя інавацыі ставяць перад грамадствам новыя выклікі: не паддавацца “спакусе банальнасці” і культываваць “унікальнасць нашай чалавечнасці”, - падкрэсліў Леў XIV.

Напрыканцы паслання Пантыфік пажадаў тэлевядучаму і яго супрацоўнікам “заўсёды прапаноўваць свету, які прагне прыгажосці і праўды, якаснае тэлебачанне”.
 

22 студзеня 2026, 11:08