Папа падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта. Ілюстрацыйнае фота Папа падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Леў XIV – журналістам: будзьце сейбітамі добрых слоў

Быць сейбітамі добрых слоў, узмацняльнікамі галасоў тых, хто мужна шукае прымірэння, раззбройваючы сэрцы ад нянавісці і фанатызму, - заклікаў Леў XIV каталіцкіх журналістаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Каб адказаць на выклікі эпохі, пазначанай імклівым развіццём штучнага інтэлекту – у тым ліку ў сферы камунікацыі, – надзвычай важна зноў звярнуцца да логікі сэрца, да цэнтральнай ролі добрых адносін і да здольнасці набліжацца да іншых, не выключаючы нікога. Гэта неадкладная патрэба знаходзіць адказ у служэнні праўдзе, якое каталіцкія медыя могуць прапанаваць усім, у тым ліку тым, хто не верыць”, - гаворыцца ў пасланні, якое Папа скіраваў за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна да ўдзельнікаў 29-й сустрэчы французскай Федэрацыі каталіцкіх СМІ, што праходзіць з 21 па 23 студзеня 2026 года ў Лурдзе.

“Як работнікаў сацыяльнай камунікацыі, натхнёных каталіцкай верай, заахвочваю вас быць сейбітамі добрых слоў, узмацняльнікамі галасоў тых, хто мужна шукае прымірэння, раззбройваючы сэрцы ад нянавісці і фанатызму. У фрагментаваным і палярызаваным свеце будзьце антенамі, якія ловяць і перадаюць тое, чым жывуць слабыя, маргіналізаваныя людзі, тыя, хто застаецца ў адзіноце і мае патрэбу спазнаць радасць адчування, што іх любяць”, - заахвоціў Пантыфік.

Леў XIV заклікаў журналістаў натхняцца прыкладам Слугі Божага айца Жака Амэля – французскага святара, забітага тэрарыстамі ў 2016 годзе ў Сэнт-Эцьен-дзю-Рупрэ. Федэрацыя прысвяціла яму прэмію, якая ўручаецца работнікам СМІ, што адзначыліся ўкладам у спрыянне міру і міжрэлігійнаму дыялогу.

“Айцец Амэль быў сведкам веры аж да аддання ўласнага жыцця. Ён заўсёды верыў у каштоўнасць дыялогу і ўзаемнага, цярплівага слухання. Айцец Амэль быў перакананы ў неадкладнай патрэбе ўмець выяўляць сваю блізкасць да іншых, без выключэнняў. Каб пазнаваць адзін аднаго, трэба сустракацца, не палохаючыся адрозненняў, будучы гатовымі змагацца за тое, кім мы з’яўляемся і ў што верым. Няхай яго прыклад заахвочвае вас быць шукальнікамі праўды ў любові, якая тлумачыць усё, майстрамі слова, што абдымае, камунікацыі, здольнай злучаць тое, што разбіта, быць алеем для ран чалавецтва”, - заахвоціў Святы Айцец работнікаў каталіцкіх СМІ.
 

22 студзеня 2026, 09:14