Папа – сем’ям ахвяр пажару ў Швейцарыі: Касцёл падзяляе ваш боль

Леў XIV выказаў глыбокае спачуванне сем’ям, якія страцілі сваіх блізкіх у страшным пажары ў швейцарскім Кран-Мантане, і запэўніў іх, што нішто не зможа адлучыць ні іх, ні іх блізкіх ад любові Хрыста.

Марыя Валодзіна - Vatican News

15 студзеня 2026 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане сем’і, якія пацярпелі ад трагедыі ў Швейцарыі, і выказаў ім сваю духоўную блізкасць і спачуванне. Ён падкрэсліў, што глыбока крануты сустрэчай з імі ў час вялікага болю і пакут. Катастрофа адбылася вельмі нечакана, у дзень, калі людзі радаваліся і святкавалі Новы год, абменьваючыся пажаданнямі шчасця і радасці.

Што сказаць у падобных абставінах? Які сэнс надаць такім падзеям? Дзе знайсці сапраўднае суцяшэнне? Не пустыя і павярхоўныя словы, а сапраўднае суцяшэнне, якое кранае глыбока і адраджае надзею, – спытаў Святы Айцец, дадаючы, што ёсць толькі адно слова, якое адпавядае такім пакутам, – слова Сына Божага на крыжы, Які ў момант поўнай пакінутасці і болю ўсклікнуў: “Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?"(МЦ 27:46). Адказ Айца на гэты крык прыйшоў праз тры дні маўчання. Але які адказ! Езус уваскрос у славе і жыве вечна ў радасці і вечным святле Вялікадня, - нагадаў Леў XIV.

Святы Айцец прызнаўся, што не можа патлумачыць, чаму менавіта гэтым сем’ям і іх блізкім выпала перажыць такое выпрабаванне. Чалавечыя словы спачування ў такіх выпадках здаюцца слабымі і бездапаможнымі. Аднак як Наступнік Пятра ён з перакананасцю сцвердзіў: іх надзея не марная, бо Хрыстус сапраўды ўваскрос. Касцёл сведчыць пра гэта і абвяшчае гэта з упэўненасцю. Святы Павел нагадваў, што, калі “мы спадзяёмся на Хрыста толькі ў гэтым жыцці, то мы самыя няшчасныя сярод людзей. Але Хрыстус уваскрос, Першынец сярод тых, якія памерлі”. (1 Кар 15:19-20).

Леў XIV запэўніў сем'і загінулых у тым, што нішто не зможа адлучыць іх і іх блізкіх ад любові Хрыста. Вера асвятляе самыя цёмныя і балючыя хвіліны жыцця святлом, якое дапамагае мужна працягваць шлях. Езус ідзе перад намі на гэтым шляху смерці і Уваскрасення, які патрабуе цярплівасці і вытрываласці. Ён не далёкі ад таго, што перажываюць сем'і, Ён падзяляе іх боль і нясе яго разам з імі. Разам з імі гэты цяжар нясе і ўвесь Касцёл, - сказаў Папа, запэўніўшы сем’і ў малітве за супакой памерлых, палёгку для тых, хто пакутуе, і за тых, хто з любоўю і пяшчотай суправаджае сваіх блізкіх.

Святы Айцец параўнаў іх боль з болем Марыі ля падножжа Крыжа, даверыўшы іх апецы Маці Божай Балеснай, асабліва блізкай да іх у гэтыя дні. Ён заклікаў сем’і загінулых даверыць Панне Марыі свае слёзы і шукаць у ёй матчына суцяшэнне, як і Яна, цярпліва чакаючы ў ночы пакут, з верай у тое, што надыдзе новы дзень, і яны зноў знойдуць радасць.

15 студзеня 2026, 11:14