Папа да біскупаў Афрыкі: евангелізаваць з улікам культурнай разнастайнасці
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пасланне Святога Айца, падпісанае Дзяржаўным сакратаром, кардыналам П’етра Паралінам, было накіравана з нагоды 13-й Генеральнай асамблеі Асацыяцыі біскупскіх канферэнцый рэгіёна Цэнтральнай Афрыкі (ACERAC), якая праходзіць у Нджамене (Чад). У форуме таксама прымаюць удзел кардынал Фрыдалін Амбонга, старшыня Сімпозіума Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара (SECAM), а таксама кардынал Майкл Чэрны, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.
Евангелле ў культурнай і сацыяльнай тканіне
Тэкст паслання на французскай мове быў зачытаны 26 студзеня 2026 года на адкрыцці форума апостальскім нунцыем Джузэпэ Латэрца. Звяртаючыся да старшыні ACERAC біскупа Марціна Ваінгуэ Бані, Папа выказаў падзяку ўсім іерархам і святарам, “першым супрацоўнікам” біскупаў, а таксама дыяканам, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам за іх штодзённае служэнне ва ўсіх сферах касцёльнага жыцця.
Леў XIV выказаў упэўненасць, што рэгулярныя сустрэчы біскупаў умацоўваюць супрацоўніцтва, неабходнае для выканання місіі: паглыбляюць хрысціянскае сведчанне, спрыяюць дыялогу з іншымі рэлігійнымі супольнасцямі і грамадзянскімі ўладамі, распаўсюджваюць Евангелле ў культуры і сацыяльным жыцці, спрыяюць абароне чалавечага жыцця, прасоўванню міру і справядлівасці, клопату пра найбольш уразлівых ахвяр канфліктаў і захаванню стварэння.
Касцёл у Афрыцы: жывы, моцны і дынамічны
Папа нагадаў, што сёлета адзначаецца 31-я гадавіна адгартацыі “Ecclesia in Africa”, у якой гаворыцца, што кантынент перажывае сёння “знакі часу”, спрыяльны момант і дзень збаўлення. Гэтыя словы застаюцца актуальнымі і сёння, бо Касцёл у Афрыцы застаецца “жывым, моцным і дынамічным”.
Асобна Пантыфік спыніўся на пытанні інкультурацыі веры. Гаворка не ідзе пра прыстасаванне Евангелля да свету, але пра пошук у кожнай культуры адпаведных формаў абвяшчэння Божага Слова.
Новая евангелізацыя без этнацэнтрызму
Такія формы зла, як трыбалізм, міжэтнічныя канфлікты, войны, сямейныя рознагалоссі, можна вылечыць толькі праз прымірэнне і супакаенне сэрцаў, закладзеныя ў Евангеллі. Ян Павел II у “Ecclesia in Africa” казаў пра новую евангелізацыю як пабудову сямейнага Касцёла без этнацэнтрызму і празмернага партыкулярызму, у якім пануе салідарнасць і справядлівы падзел рэсурсаў паміж мясцовымі Касцёламі, - гаворыцца ў пасланні.
Слухаць моладзь, бежанцаў і перамешчаных асоб
Пантыфік заклікаў пастыраў ісці “сінадальным шляхам”, быць блізкімі да свайго народа, асабліва да моладзі, якая часта рызыкуе жыццём у пошуках лепшых умоў жыцця, а таксама да бежанцаў і перамешчаных асоб. “Будзьце для іх Хрыстом, які клапоціцца аб іх болю, каб аздаравіць іх і даць ім хлеб суцяшэння”, - напісаў Леў XIV.
