Папа: грамадства здаровае, калі абараняе святасць жыцця
Аляксандр Панчанка - Vatican News
23 студзеня 2026 года дзясяткі тысяч людзей пройдуць вуліцамі сталіцы ЗША, каб заклікаць да абароны чалавечага жыцця на ўсіх яго этапах. Дэвіз сёлетняй агульнанацыянальнай акцыі – “Жыццё – гэта дар”. Яна будзе суправаджацца малітвай, спевамі і выступленнямі вядомых грамадскіх дзеячаў і палітыкаў.
“Выказваю вам шчырую ўдзячнасць і запэўніваю вас у маёй духоўнай блізкасці ў той час, калі вы збіраецеся на гэтае выразнае публічнае сведчанне, каб пацвердзіць, што “абарона права на жыццё з’яўляецца неад’емным падмуркам усіх іншых правоў чалавека”, - напісаў у пасланні Папа, цытуючы словы свайго нядаўняга звароту да дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы.
“Сапраўды, “грамадства з’яўляецца здаровым і па-сапраўднаму развіваецца толькі тады, калі яно ахоўвае святасць чалавечага жыцця і актыўна спрыяе яго падтрымцы”, - дадаў Святы Айцец.
Пантыфік заклікаў удзельнікаў мерапрыемства, асабліва моладзь, працягваць садзейнічаць павазе да чалавечага жыцця на ўсіх яго этапах “праз адпаведныя намаганні на кожным узроўні грамадства, уключаючы дыялог з грамадскімі і палітычнымі лідарамі”.
“Няхай Езус, які абяцаў быць з намі аж да сканчэння веку (пар. Мц 28,20), суправаджае вас сёння, калі вы адважна і мірна крочыце ў абарону ненароджаных дзяцей. Ведайце, што, абараняючы іх, вы выконваеце наказ Пана служыць Яму ў найменшых з нашых братоў і сясцёр (пар. Мц 25,31-46)”, - напісаў Леў XIV.
“З гэтымі пачуццямі даручаю ўсіх вас, а таксама тых, хто падтрымлівае вас сваімі малітвамі і ахвярамі, заступніцтву Беззаганнай Марыі, Апякункі Злучаных Штатаў Амерыкі, і з радасцю ўдзяляю сваё Апостальскае благаслаўленне як заклад багатых нябесных ласкаў”, - завяршыў сваё пасланне Папа.
