Леў XIV: святы Францішак указвае на крыніцу сапраўднага міру
Аляксандр Панчанка - Vatican News
10 студзеня 2026 года Леў XIV скіраваў ліст да генеральных настаяцеляў францішканскіх супольнасцей ва ўсім свеце з нагоды пачатку ўрачыстасцей, прымеркаваных да 800-годдзя з дня смерці святога Францішка Асізскага.
“Я жадаю духоўна злучыцца з усёй францішканскай сям’ёй і ўсімі, хто прыме ўдзел у юбілейных мерапрыемствах, спадзеючыся, што пасланне міру знойдзе глыбокі водгук у Касцёле і грамадстве”, - напісаў Леў XIV.
Супакой – сума ўсіх Божых дабротаў
Пантыфік нагадаў, што святы Францішак раіў сваім вучням вітаць усіх, кажучы: “Няхай Пан дасць вам супакой”. Гэтыя словы з’яўляюцца выразам яго ўсведамлення таго, што супакой – “гэта сума ўсіх Божых дабротаў, дар, які сыходзіць з вышынь”, - напісаў Папа.
“Якой ілюзіяй было б думаць, што яго можна пабудаваць толькі чалавечымі сіламі. І ўсё ж гэта актыўны дар, які трэба прыняць і жыць ім кожны дзень”, - дадаў Святы Айцец.
Актуальнасць спадчыны святога Францішка
Пантыфік адзначыў, што “ў наш час, пазначаны столькімі, здавалася б, бясконцымі войнамі, унутранымі і грамадскімі падзеламі, якія спараджаюць недавер і страх”, святы Францішак Асізскі працягвае прамаўляць: не таму, што прапануе канкрэтныя рашэнні праблем, а таму, што яго жыццё паказвае “сапраўдную крыніцу міру”.
Пакліканне да ўсеагульнага прымірэння
“Францішак, які называў сонца “братам”, а месяц “сястрой”, які распазнаваў у кожным стварэнні адлюстраванне боскай прыгажосці, нагадвае нам, што мір павінен распаўсюджвацца на ўсю сям’ю стварэння. Гэта інтуіцыя асабліва важная ў наш час, калі наш супольны дом знаходзіцца пад пагрозай і стогне пад цяжарам эксплуатацыі. Мір з Богам, мір паміж людзьмі і мір са стварэннем – гэта неаддзельныя вымярэнні адзінага закліку да ўсеагульнага прымірэння”, - адзначыў ён.
Заклік да духоўнай вернасці
“Дарагія браты і сёстры, няхай прыклад і духоўная спадчына гэтага святога, моцнага ў веры, непахіснага ў надзеі і гарачага ў дзейснай любові да іншых, абудзіць ва ўсіх усведамленне важнасці даверу да Пана, прысвячэння сябе жыццю, вернаму Евангеллю, прыняцця і асвятлення верай і малітвай усіх абставін і дзеянняў у жыцці”, - напісаў Пантыфік.
Укрыжаваны – крыніца прымірэння
Святы Айцец завяршыў свой ліст малітвай да святога Францішка Асізскага, у якой яшчэ раз указаў на Хрыста як на сапраўдную крыніцу супакою. “Ты, які ва Укрыжаваным з касцёла святога Даміяна распазнаў сапраўдны супакой, навучы нас шукаць у Ім крыніцу ўсякага прымірэння”, - напісаў Папа.
