Святы Айцец прыняў у Ватыкане прэзідэнта Чэхіі

Прэзідэнт Чэшскай Рэспублікі Пётр Павел здзейсніў візіт у Ватыкан. Пасля папскай аўдыенцыі ён правёў перамовы ў Дзяржаўным сакратарыяце, падчас якіх бакі абмеркавалі неабходнасць неадкладных намаганняў дзеля дасягнення міру і бяспекі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

19 студзеня 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане прэзідэнта Чэшскай Рэспублікі Пятра Паўла. Затым палітык сустрэўся з кардыналам-дзяржсакратаром П’етра Паралінам, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

У ходзе цёплых перамоў у Дзяржаўным сакратарыяце была пацверджана высокая ацэнка добрых двухбаковых адносін і выказана гатоўнасць да іх далейшага ўмацавання. Асобная ўвага была нададзена пытанням, якія ўяўляюць агульны інтарэс, а таксама шэрагу рэгіянальных і міжнародных сацыяльна-палітычных тэм, з асаблівым акцэнтам на сучасныя ўзброеныя канфлікты. Бакі падкрэслілі важнасць неадкладных намаганняў дзеля дасягнення міру і аднаўлення прынцыпаў і каштоўнасцяў, якія ляжаць у аснове мірнага міжнароднага суіснавання, - паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

19 студзеня 2026, 14:02