Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: ахоўваць чалавечыя абліччы і галасы ў лічбавую эпоху

Узняць голас у абарону чалавечых абліччаў і галасоў у лічбавую эпоху, - заклікаў Святы Айцец у сваім пасланні на Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

24 студзеня 2026 года, ва ўспамін святога Францішка Сальскага, апекуна журналістаў, Леў XIV апублікаваў сваё пасланне на 60-ы Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі. Сёлета ён пройдзе 17 мая на тэму: “Ахоўваць чалавечыя галасы і абліччы”. У дакуменце Папа заклікаў адказаць на развіццё штучнага інтэлекта дзеяннямі, заснаванымі на адказнасці, супрацоўніцтве і адукацыі.

“Выклік, які чакае нас, не заключаецца ў тым, каб спыніць лічбавую інавацыю, а ў тым, каб кіраваць ёй, усведамляючы яе дваісты характар. Кожны з нас павінен узняць голас у абарону чалавека, каб гэтыя прылады маглі па-сапраўднаму спадарожнічаць нам як саюзнікі”, - сцвердзіў ён.

Пагроза для развіцця здольнасцей чалавека

Святы Айцец ў першую чаргу звярнуў увагу на некаторыя рызыкі. “Хоць штучны інтэлект можа аказваць падтрымку і дапамогу ў кіраванні камунікатыўнымі задачамі, адмова ад уласнага мыслення і задавальненне штучнай статыстычнай кампіляцыяй у доўгатэрміновай перспектыве можа падарваць нашы кагнітыўныя, эмацыйныя і камунікатыўныя здольнасці”, - папярэдзіў Папа.

Звяртаючы ўвагу на здольнасць штучнага інтэлекта ствараць тэксты, музыку і відэа ён заўважыў, што гэта ператварае людзей у “простых пасіўных спажыўцоў неабдуманых думак, ананімных прадуктаў, пазбаўленых бацькоўства і любові”, у той час як “шэдэўры чалавечага генія ў музыцы, мастацтве і літаратуры зводзяцца да простых трэніровачных пляцовак для машын”.

“Адмова ад творчага працэсу і падпарадкаванне нашых разумовых функцый і ўяўлення машынам азначае пахаванне талентаў, якія мы атрымалі, каб узрастаць як асобы ў адносінах з Богам і іншымі людзьмі. Гэта азначае хаваць нашы абліччы і заглушаць нашы галасы”, - падкрэсліў Папа.

Рызыка для адносін паміж людзьмі

Леў XIV заўважыў, што “тэхналогіі, якія эксплуатуюць нашу патрэбу ў адносінах, могуць мець не толькі балючыя наступствы для лёсу асобных людзей, але і пашкодзіць сацыяльную, культурную і палітычную структуру грамадства”.

“Гэта адбываецца, калі мы замяняем адносіны з іншымі людзьмі адносінамі са штучным інтэлектам, навучаным каталагізаваць нашы думкі, і такім чынам будуем вакол сябе свет люстэркаў, дзе ўсё створана “паводле нашага вобраза і падабенства”. Такім чынам, мы пазбаўляем сябе магчымасці сустрэць іншага, які заўсёды адрозніваецца ад нас і з якім мы можам і павінны навучыцца ўзаемадзейнічаць. Без прыняцця іншасці не можа быць ні адносін, ні сяброўства”, - нагадаў Пантыфік.

Сімуляцыя рэальнасці

Яшчэ адзін выклік – стварэнне паралельнай “рэальнасці” з дапамогай штучнага інтэлекту. “Недастатковая праверка крыніц у спалучэнні з крызісам палявой журналістыкі, якая патрабуе пастаяннага збору і верыфікацыі інфармацыі на месцах, дзе адбываюцца падзеі, можа стварыць яшчэ больш урадлівую глебу для дэзынфармацыі, выклікаючы ўсё большае пачуццё недаверу, разгубленасці і няўпэўненасці”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Патрэба ў кантролі

Леў XIV звярнуў увагу на патрэбу ў кантролі за сістэмамі штучнага інтэлекту, “здольнымі тонка кіраваць паводзінамі і нават перапісваць гісторыю чалавецтва, у тым ліку гісторыю Касцёла, часта без нашага ўсведамлення гэтага”. Ён прапанаваў адказаць на гэтыя праблемы дзеяннямі, заснаванымі на адказнасці, супрацоўніцтве і адукацыі.

Адказны падыход

Гаворачы пра адказнасць, Пантыфік заклікаў кіраўнікоў анлайн-платформ будаваць уласныя бізнес-стратэгіі не толькі на крытэрыі павелічэння прыбытку, але і на дальнабачнай візіі, у якой дабро людзей яны разглядаюць так жа як дабро ўласных дзяцей. У той жа час “стваральнікі і распрацоўшчыкі мадэляў штучнага інтэлекту павінны дзейнічаць празрыста і быць сацыяльна адказнымі ў дачыненні да прынцыпаў праектавання і сістэм мадэрацыі, якія ляжаць у аснове іх алгарытмаў і распрацаваных мадэляў”.

Папа нагадаў заканадаўцам і наднацыянальным рэгулятарам пра іх адказнасць за забеспячэнне павагі да чалавечай годнасці, заклікаючы “ўвесці адпаведныя правілы, якія абараняюць людзей, супрацьстаяць распаўсюджванню фальшывага, маніпулятыўнага або зманлівага кантэнту і захоўваюць цэласнасць інфармацыі ад падманлівай сімуляцыі”.

Святы Айцец заклікаў СМІ ўсіх узроўняў прытрымлівацца этычных стандартаў, накіраваных на пошук праўды. Ён падкрэсліў, што матэрыялы, створаныя ці пераапрацаваныя з дапамогай штучнага інтэлекту, павінны быць належным чынам пазначаны, а аўтарскае права журналістаў і іншых стваральнікаў кантэнту – паважацца.

Мы ўсе пакліканы да супрацоўніцтва

Пантыфік адзначыў, што ніводны сектар не можа ў адзіночку адказаць на выклік кіравання новымі тэхналогіямі. “Усе зацікаўленыя бакі – ад тэхналагічнай індустрыі да заканадаўцаў, ад крэатыўных агенцтваў да свету навукі, ад мастакоў да журналістаў і выхавацеляў – павінны быць уключаны ў працэс, які створыць і зробіць дзейснай свядомую і адказную прысутнасць у лічбавым свеце”, - напісаў ён.

Патрэба ў лічбавай пісьменнасці

Папа звярнуў увагу на мэтазгоднасць паляпшэння пісьменнасці ў галіне штучнага інтэлекту, у тым ліку медыйнай пісьменнасці. “Як католікі мы можам і павінны зрабіць наш уклад, каб людзі – асабліва моладзь – набывалі здольнасці крытычнага мыслення і ўзрасталі ў свабодзе духа”, - сцвердзіў Пантыфік.

“Важна вучыць і вучыцца свядома выкарыстоўваць штучны інтэлект і абараняць у гэтым кантэксце ўласны вобраз (фота і аўдыё), уласнае аблічча і голас, каб не дапусціць іх выкарыстання ў стварэнні шкоднага кантэнту і ў шкодных паводзінах, такіх як лічбавае махлярства, кібербулінг і “deepfake”, што парушаюць прыватнасць і асабістае жыццё людзей без іх згоды. Гэтак жа, як прамысловая рэвалюцыя патрабавала базавай пісьменнасці, каб людзі маглі рэагаваць на новыя рэчы, лічбавая рэвалюцыя патрабуе лічбавай пісьменнасці (разам з гуманістычнай і культурнай адукацыяй), каб зразумець, як алгарытмы фарміруюць наша ўспрыманне рэальнасці, як працуюць прадузятасці штучнага інтэлекту, якія механізмы вызначаюць з’яўленне пэўнага кантэнту ў нашых інфармацыйных стужках”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Нам патрэбна, каб аблічча і голас зноў выяўлялі асобу. Нам трэба ахоўваць дар камунікацыі як найглыбейшую праўду чалавека, да якой мы павінны накіроўваць і кожную тэхналагічную інавацыю”, - напісаў Леў XIV.
 

24 студзеня 2026, 12:00