Пошук

Наступствы ўрагану "Крысцін" у Партугаліі Наступствы ўрагану "Крысцін" у Партугаліі  (ANSA)

Ураган “Крысцін” у Партугаліі: малітва і салідарнасць Пантыфіка

Папа моліцца за ахвяр урагану, які абрынуўся на Партугалію. Ахвярамі стыхіі сталі па меншай меры пяць чалавек. Цыклон выклікаў паводкі, апоўзні і значныя разбурэнні. Сотні тысяч дамоў засталіся без электрычнасці.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Даведаўшыся пра сур’ёзныя наступствы урагану “Крысцін”, які прайшоў па тэрыторыі Партугаліі, пакінуўшы значныя разбурэнні ў цэнтральнай частцы краіны, Святы Айцец жадае выказаць свае спачуванні ў сувязі з гібеллю людзей, духоўна яднаючыся з болем іх родных”, - гаворыцца ў тэлеграме, скіраванай за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна на імя біскупа дыяцэзіі Лейрыя-Фаціма Жазэ Арнэласа Карвалью, старшыні партугальскага епіскапату.

“З глыбокім спачуваннем да пакут параненых, перамешчаных асоб і ўсіх, хто сур’ёзна пацярпеў ад велізарных разбурэнняў, нанесеных гэтым ураганам, Яго Святасць моліцца за дзяржаўныя і мясцовыя ўлады, а таксама за грамадзянскія, вайсковыя і рэлігійныя ўстановы, якія аб’ядналі свае намаганні дзеля аказання дапамогі”, - падкрэсліваецца ў пасланні.

Пантыфік таксама выказаў удзячнасць за дапамогу пацярпелым з боку мясцовых касцельных арганізацый, і за спантанную ўзаемную падтрымку паміж грамадзянамі, молячыся аб салідарнасці і святле хрысціянскай надзеі для партугальскага грамадства.
 

31 студзеня 2026, 10:59