Папу прадставілі яго партрэт для Базілікі Святога Паўла па-за мурамі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Вялікі мазаічны партрэт, выкананы на залатым фоне, складаецца з 15 тысяч плітак. Яго дыяметр – 137 сантыметраў. Медальён зойме месца ў адмысловай галерэі, якая сведчыць пра бесперапыннасць служэння Наступнікаў святога Пятра.
Партрэт быў прадстаўлены Святому Айцу ў прысутнасці кардынала Джэймса Харві, архіпрэзбітэра Базілікі Святога Паўла па-за мурамі; кардынала Маўра Гамбэці, архіпрэзбітэра Базілікі Святога Пятра і Папскага вікарыя для Дзяржавы Ватыкан; і айца Даната Альяры, настаяцеля бэнэдыктынскага абацтва Святога Паўла.
Мазаічная выява 267-га Папы размесціцца ў мармуровай дэкаратыўнай раме на фрызе ў правай наве базілікі, побач з партрэтам яго папярэдніка – Францішка. Паводле традыцыі, партрэт дзеючага Пантыфіка будзе мець адмысловую падсветку. Над ім будзе напісана яго імя на лацінскай мове.
