Пошук

Леў XIV сустрэўся з старшынёй Еўрапарламента Рабертай Мецолай

Раніцай 29 студзеня 2026 года у ватыканскім Апостальскім палацы адбылася аўдыенцыя Льва XIV для старшыні Еўрапейскага парламента Раберты Мецолы. Палітык падзякавала Папу за яснасць намераў і разважанні пра мір і дыялог у Еўропе і свеце.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Старшыню Еўрапарламента суправаджала дэлегацыя з пяці чалавек. Пасля аўдыенцыі яна сустрэлася з Дзяржаўным сакратаром кардыналам П’етра Паралінам.

Раберта Мецола падзялілася ўражаннямі ад сустрэчы ў сваім афіцыйным акаўнце ў сацсетцы X, выказаўшы ўдзячнасць Святому Айцу “за яснасць намераў” і “за сумесныя разважанні пра прагрэс міру праз дыялог у Еўропе і ва ўсім свеце”.

У праграме візіту Раберты Мецолы ў Рым запланавана таксама сустрэча з прэм’ер-міністрам Італіі Джорджай Мелоні. У другой палове дня яна выступіць на мерапрыемстве “Спадчына Дэ Гасперы: Еўропа ў абарону свабоды”, якое адбудзецца ў прадстаўніцтве Еўрапейскага парламента на плошчы Венецыі ў Рыме.

Раніцай адбылася сустрэча Мецолы з вялікім магістрам Мальтыйскага Ордэна Джонам Данлапам. Як паведамляецца ў афіцыйным камунікаце, гэты візіт ветлівасці стаў нагодай для абмеркавання дзейнасці Мальтыйскага Ордэна, які вядзе гуманітарную працу больш чым у 130 краінах свету. Старшыня Еўрапарламента выказала глыбокую ўдзячнасць за дапамогу, якую Ордэн аказвае ў складаных умовах, у прыватнасці ва Украіне і ў Сектары Газа.

29 студзеня 2026, 13:38