Папа: няхай Алімпіяда спрыяе гасціннасці, салідарнасці і міру
Марыя Валодзіна - Vatican News
Увечары 29 студзеня 2026 года члены ватыканскага спартыўнага клуба “Athletica Vaticana” даставілі Алімпійскі і паралімпійскі крыж у старажытную міланскую Базіліку святой Бабілы. Падчас XXV зімовых Алімпійскіх гульняў гэты храм стане касцёлам і душпастырскім цэнтрам атлетаў.
З гэтай нагоды Леў XIV скіраваў на імя арцыбіскупа Мілана Марыа Дэльпіні тэлеграму за подпісам Дзяржаўнага сакратара, кардынала П'етра Параліна. У ёй Папа спадзяецца, “што гэтая важная падзея абудзіць пачуцці сяброўства і братэрства, умацоўваючы ўсведамленне каштоўнасці спорту на службе інтэгральнаму развіццю чалавека”.
“Святы Айцец запэўнівае у сваіх малітвах аб тым, каб гэтыя дні здаровага спартыўнага спаборніцтва паспрыялі будаўніцтву мастоў паміж культурамі і народамі, садзейнічалі гасціннасці, салідарнасці і міру”, - гаворыцца ў тэлеграме.
