Пошук

Папа: зробім праслаўленне Бога нашым штодзённым імкненнем

У гаміліі на ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі, 1 студзеня 2026 года, Леў XIV заклікаў успрымаць новы год як час аднаўлення. Ён падкрэсліў, што свет не збаўляецца зброяй, асуджэннем, прыгнётам і знішчэннем братоў, а нястомным імкненнем разумець і дараваць.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пантыфік паразважаў над тэкстам благаслаўлення з Кнігі Лічбаў з просьбай аб Божай ахове, ласцы і міры. "Няхай благаслаўляе цябе Пан і аберагае цябе! Няхай Пан распраменіць сваё аблічча над табою і адорыць цябе ласкай! Няхай Пан скіруе на цябе свой погляд і адорыць цябе мірам” (Ліч 6:24-26). Гэтае благаслаўленне нагадвае пра глыбокую сувязь паміж Богам і чалавекам, у якой чалавек прапануе Творцу ўсё, што ён атрымаў, а Творца звяртае на яго свой добразычлівы погляд, як у час стварэння (пар. Быц 1:31).

Пантыфік нагадаў што гэтае благаслаўленне звярталася да народа Ізраіля, вызваленага ад егіпецкага рабства. Хоць ён і меў у Егіпце пэўныя матэрыяльныя гарантыі – харчаванне, дах над галавой і пэўная стабільнасць – яны даставаліся коштам рабства і прыгнёту. У пустыні гэтыя матэрыяльныя даброты былі страчаныя, але наўзамен была набыта свабода, якая адкрывала шлях у будучыню, у адраджэнне.

“Такім чынам, у пачатку новага года літургія нагадвае нам, што кожны дзень можа стаць для кожнага пачаткам новага жыцця, дзякуючы шчодрай любові Бога, Яго міласэрнасці і адказу чалавечай волі”, - адзначыў Папа.

Леў XIV падкрэсліў, што святкуючы таямніцу Боскага мацярынства Марыі, мы памятаем, што яе "так" дапамагло чалавецтву ўбачыць аблічча Божай міласэрнасці – твар Езуса, праз якога любоў Айца дасягае людзей і перамяняе іх.

На пачатку новага года мы просім Пана аб тым, каб заўсёды адчуваць цеплыню Яго айцоўскіх абдымкаў і святло Яго позірку. Адначасова мы таксама пакліканы праслаўляць Бога малітвай, святасцю жыцця і тым, каб быць адзін для аднаго адлюстраваннем Яго дабрыні, - нагадаў Папа.

Святы Аўгустын вучыў, што ў Марыі Творца чалавека сам стаў чалавекам дзеля таго, каб збавіць нас. Адна з асноўных рыс Бога – поўная бескарыслівасць Яго любові, дзякуючы якой Ён паўстае перад намі як “бяззбройны і той, які абяззбройвае”, як немаўля ў калысцы. Гэтым Ён вучыць нас, што свет не збаўляецца мячамі, асуджэннем, прыгнётам і знішчэннем братоў, а нястомным імкненнем зразумець, дараваць, вызваліць і прыняць кожнага, без разлікаў і без страху, - сказаў Святы Айцец.

Марыя, аддаўшыся на Божую волю без умоў, выхавала Езуса – дзіця, хлопчыка і юнака, а потым суправаджала Яго з сэрцам пакорнай вучаніцы па сцежках Яго місіі да крыжа і Уваскрасення. Каб зрабіць гэта, яна адмовілася ад чаканняў, прэтэнзій і гарантый, як гэта робяць мамы, безумоўна прысвяціўшы сваё жыццё Сыну, каб Ён, у сваю чаргу, быў аддадзены свету. Такім чынам, у Боскім мацярынстве Марыі мы бачым сустрэчу дзвюх вялікіх “бяззбройных” рэчаіснасцяў: Бога, які адмаўляецца ад усіх прывілеяў, каб нарадзіцца ў плоці, і чалавека, які з даверам прымае Яго волю, аддаючы Яму, як даніну, сваю найвялікшую моц – свабоду, - зазначыў Леў XIV.

Разважаючы над гэтай таямніцай, святы Ян Павел II заклікаў успомніць тое, што знайшлі пастухі ў Бэтлееме: беднасць і ўразлівасць Дзіцятка, сціплую прастату Марыі і Юзафа, якія пераўтварылі іх жыццё, зрабіўшы іх “пасланцамі збаўлення”. Ён казаў гэта напрыканцы вялікага Юбілею 2000 года, які прынёс вернікам шмат дараў і незвычайных магчымасцяў: праз вопыт атрыманага і падараванага прабачэння, успамін пакутнікаў, увагу да крыку бедных яны змаглі ўбачыць збаўчую прысутнасць Бога ў гісторыі і дакрануцца да Яго любові, якая аднаўляе твар зямлі. Як пастухоў, якія прыйшлі пакланіцца Яму, Хрыстус заклікае вернікаў смела ісці і абвяшчаць Яго старое і заўсёды новае Евангелле, ажыўляючы гісторыю і культуры людзей сваім збаўчым пасланнем, - нагадаў Папа.

У Сусветны дзень міру Леў XIV заклікаў вернікаў падысці да ясляў, у веры, як да месца “бяззбройнага супакою і супакою, які абяззбройвае”, месца благаслаўлення, дзе мы ўспамінаем цуды, учыненыя Панам у гісторыі збаўлення і ў нашым жыцці, і праславіць Бога за ўсё, што бачылі і чулі. Няхай гэта стане нашым імкненнем, нашай мэтай на доўгія месяцы і на працягу ўсяго нашага хрысціянскага жыцця.

01 студзеня 2026, 10:43