Што вы шукаеце? Папа да моладзі ЗША
Аляксандр Амяльчэня — Vatican News
У сваім відэазвароце Святы Айцец спаслаўся на евангельскае пытанне Езуса: “Што вы шукаеце?”, якое было адрасавана першым вучням. Як адзначыў Пантыфік, гэтае пытанне застаецца актуальным і сёння для кожнага юнака і дзяўчыны, якія знаходзяцца ў пошуку сэнсу і сапраўднага кірунку ў жыцці.
Сапраўдны спакой і радасць прыходзяць праз асобу Езуса Хрыста
Папа падкрэсліў, што недастаткова проста чуць пра Бога ад іншых – неабходна прагнуць асабістага знаёмства з Ім. Менавіта падчас такіх форумаў, як SEEK26, што праходзяць у Калумбусе, Дэнверы і Форт-Уэрце, моладзь мае асаблівую магчымасць правесці час з Панам праз сакраманты, Эўхарыстычную адарацыю і сяброўства.
Леў XIV звярнуў увагу на тое, што місійны запал нараджаецца менавіта з сустрэчы з Хрыстом. Паводле яго слоў, пасля таго як Андрэй знайшоў Месію, ён не мог не падзяліцца гэтай навіной са сваім братам Сымонам. Так і сучасная моладзь заклікана несці радасць веры людзям, якія іх акружаюць.
Місійны запал – гэта натуральны плён сустрэчы з Любоўю
Асаблівую ўвагу Святы Айцец удзяліў тэме паклікання. Ён заклікаў маладых людзей не баяцца пытацца ў Езуса, да чаго Ён іх кліча: да святарства, манаскага жыцця ці да стварэння сям’і ў сакраманце сужэнства. Толькі Пан ведае самыя глыбокія жаданні чалавечага сэрца і шлях, які вядзе да поўні шчасця.
На заканчэнне Папа даручыў усіх удзельнікаў мацярынскай апецы Марыі, Маці Божай, свята якой супадае з пачаткам форуму, і ўдзяліў сваё апостальскае благаслаўленне.
