Пошук

Леў XIV падчас агульнай аўдыенцыі Леў XIV падчас агульнай аўдыенцыі  (ANSA)

Леў XIV правядзе серыю сустрэч з вернікамі сваёй дыяцэзіі

Леў XIV сустрэнецца з рымскім духавенствам і наведае пяць парафій горада, паглыбляючы пастырскае служэнне сярод вернікаў сваёй дыяцэзіі падчас Вялікага посту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Традыцыйная сустрэча Пантыфіка з душпастырамі Рыма адбудзецца ў чацвер пасля Папяльцовай серады, 19 лютага 2026 года. Святары збяруцца ў ватыканскай Зале Паўла VI у 10.00, каб паразмаўляць са сваім Біскупам.

Аднак сёлетні графік Вялікага посту для Льва XIV будзе асабліва насычаным, бо ён вырашыў асабіста наведаць па адной парафіі ў кожным з пяці душпастырскіх сектараў італьянскай сталіцы.

Серыя візітаў распачнецца 15 лютага 2026 года ў сектары Поўдзень з парафіі Маці Божай Уладаркі Міру ў Остыі. Наступныя нядзелі Папа правядзе ў супольнасцях Найсвяцейшага Сэрца Езуса на Кастра Прэторыа (Цэнтр), Унебаўшэсця Пана (Усход), Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі (Захад) і завершыць “марафон” 15 сакавіка 2026 года ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса на Понтэ Мамола (Поўнач).

Як паведаміў кардынал-вікарый Бальдасарэ Рэйна, падчас кожнага выезду Папа будзе размаўляць з душпастырскімі радамі, аніматарамі і моладдзю. Самым важным момантам кожнага такога візіту стане святая Імша, якую Пантыфік адправіць разам з усёй мясцовай супольнасцю.

Кардынал Рэйна падкрэсліў, што такія сустрэчы з'яўляюцца нагодай для радасці і сур'ёзнага аналізу актуальнага душпастырскага плана. Леў XIV працягвае шлях сваіх папярэднікаў, імкнучыся быць бліжэй да людзей у іх штодзённых духоўных клопатах. Візіты стануць часам асаблівага слухання і супольнага распазнавання выклікаў, з якімі сутыкаецца сучасны Касцёл у вялікім горадзе.
 

24 студзеня 2026, 10:23