Новы пастарал Льва XIV: Хрыстус Уваскрослы ў цэнтры
Аляксандр Амяльчэня — Vatican News
Новы пастарал упершыню быў выкарыстаны 6 студзеня 2026 года, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, падчас цэлебрацыі, што супала з закрыццём Святой Брамы ў Базіліцы Святога Пятра.
Новы сімвал папскага служэння ўвасабляе Хрыста, які перамагае смерць і ўзносіцца да Айца
Паводле тлумачэння Службы папскіх літургічных цэлебрацый, ён задуманы як знак “пераемнасці” з пастараламі папярэднікаў Папы, але пры гэтым з выразным акцэнтам на яднанні крыжа і Уваскрасення ў адной таямніцы любові.
Пастарал Льва XIV паказвае Хрыста ўжо не прыбітага цвікамі, але праслаўленага, які ўзносіцца да Айца, адкрываючы чалавецтву гарызонт уваскрослай надзеі.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленні, у гэтым знаку падкрэсліваецца, што Пасхальная таямніца з’яўляецца “цэнтрам апостальскага прапаведвання”: смерць больш не валадарыць над чалавекам, бо ўсё, што Хрыстус прыняў, Ён таксама адкупіў.
Хрыстус на новым пастарале паказаны як Уваскрослы: Яго цела праслаўленае, Ён у руху, у жэсце ўзнясення да Айца, а раны крыжа застаюцца бачнымі як “святлістыя знакі перамогі”, якія не скасаваць чалавечы боль, але перамяняюць яго ў світанак Божага жыцця.
Ад сярэднявечнай ферулы да сучаснага літургічнага пастарала
У кароткай гістарычнай рэмарцы Служба літургічных цэлебрацый нагадвае, што пастарал як біскупскі знак ніколі не ўваходзіў у традыцыйны пералік уласных інсігній Папы.
З высокага сярэднявечча рымскія пантыфікі карысталіся “ferula pontificalis” – посахам з простым крыжам, які быў выражэннем духоўнай улады і ўлады кіравання. Папа атрымліваў гэтую інсігнію пасля абрання, калі ўваходзіў на сваю кафедру ў Базіліцы Святога Яна на Латэране.
Ужыванне ферулы, аднак, не было рэгулярнай часткай папскай літургіі і звычайна абмяжоўвалася адмысловымі момантамі, як, напрыклад, ударам тройчы па дзвярах падчас адкрыцця Святой Брамы або абрадам асвячэння касцёлаў.
Пераемнасць: як Павел VI, Ян Павел II і Бэнэдыкт XVI фарміравалі вобраз папскага пастарала
Паваротным момантам стала служэнне святога Паўла VI, які 8 снежня 1965 года, падчас закрыцця Другога Ватыканскага Сабора, выкарыстаў сярэбраны пастарал з фігурай укрыжаванага Хрыста, створаны скульптарам Лела Скардзелі. У такім мастацкім вобразе аўтар хацеў адлюстраваць пакліканне святога Паўла – заставацца сведкай і абвяшчальнікам Хрыста ўкрыжаванага, як аб гэтым гаворыць Апостал у Пасланні да Карынцянаў.
Святы Павел VI, паступова адмовіўшыся ад ферулы, усё часцей карыстаўся гэтым пастаралам, што потым стала звычайнай практыкай яго наступнікаў.
Асабліва ў памяці вернікаў застаўся жэст святога Яна Паўла ІІ, які на пачатку свайго пантыфікату ўзняў крыж пастарала, нібыта ўказваючы на цэнтр свайго вучэння, сфармуляваны ў закліку: “Адчыніце дзверы Хрысту”.
Папа Бэнэдыкт XVI, у сваю чаргу, адрадзіў ужыванне пастарала, аздобленага залатым крыжам, якім некалі карыстаўся благаслаўлёны Пій IX, а потым прыняў у дар іншы пастарал, у цэнтры крыжа якога былі змешчаныя сімвал Пасхальнага Ягняці і манаграма Хрыста. Такім чынам яшчэ раз была акрэсленая еднасць таямніцы крыжа і Уваскрасення, што складае сэрца апостальскай “керыгмы”.
На гэтым фоне новы пастарал Льва XIV працягвае традыцыю і адначасова надае ёй сучаснае выражэнне. Ён дазваляе лепш убачыць, што служэнне Папы разумеецца як служэнне Пасхе: указваць не толькі на драму крыжа, але і на слаўную перамену, у якой боль і пакуты не скасоўваюцца, а ўваходзяць у святло Божага жыцця.
