Папа вітае ініцыятара Неакатэхуменальнага шляху Кіка Аргуэльё Папа вітае ініцыятара Неакатэхуменальнага шляху Кіка Аргуэльё  (@Vatican Media)

Будаваць адзінства: Леў XIV пра місію Неакатэхуменальнага шляху

Леў XIV сустрэўся з супольнасцю Неакатэхуменальнага шляху, заклікаўшы яе ўдзельнікаў да служэння еднасці і сведчання веры, пазбаўленага рэзкасці і прымусу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пантыфік прыняў 19 студзеня 2026 года шматлікую дэлегацыю супольнасці, уключаючы яе ініцыятараў Кіка Аргуэлья і Марыю Асенсьён Рамэра.

Леў XIV выказаў удзячнасць шматлікім сем’ям, якія пакідаюць звыклы камфорт, каб адпраўляцца на місію ў далёкія і складаныя рэгіёны. Паводле яго слоў, гэты шлях дапамагае многім людзям нанова адкрыць прыгажосць хросту і радасць веры.

Харызма Шляху на службе адзінства

Пантыфік падкрэсліў, што любы дар у Касцёле даецца для агульнага дабра. Ён заклікаў удзельнікаў Шляху быць “будаўнікамі камуніі” і заўсёды дзейнічаць у шчыльнай звязцы з мясцовымі парафіямі і біскупамі. Папа нагадаў, што ніводнае служэнне не павінна станавіцца нагодай для таго, каб адчуваць сябе лепшым за іншых ці выключаць тых, хто думае інакш.

Асаблівую ўвагу Святы Айцец звярнуў на важнасць духоўнай пільнасці. Ён адзначыў, што харызма Неакатэхуменальнага шляху прыносіць плён толькі тады, калі яна знаходзіцца ў гармоніі з іншымі дарамі Касцёла і не адасабляецца ад яго цела.

Свабода замест маралізатарства

Леў XIV звярнуўся да цытаты апостала Паўла: “Дзе Дух Пана, там свабода”. Ён заклікаў, каб евангелізацыя і катэхеза заўсёды заставаліся вольнымі ад суровасці і залішняга маралізатарства. Паводле яго слоў, хрысціянскае сведчанне не павінна выклікаць пачуццё віны ці страху, але, наадварот, весці да ўнутранага вызвалення.

Завяршаючы сустрэчу, Папа пажадаў неакатэхуменам працягваць сваё служэнне з пакорай і энтузіязмам. Ён запэўніў у падтрымцы з боку Касцёла і ўдзячнасці за іх працу па “абуджэнні” веры як сярод тых, хто ніколі не чуў пра Хрыста, так і сярод абыякавых хрысціян.
 

19 студзеня 2026, 12:20