Пошук

Леў XIV падчас святой Імшы Леў XIV падчас святой Імшы 

Ад пакаяння да адзінства: літургічны план Пантыфіка

Святы Пасад абвясціў расклад літургічных цэлебрацый, якія ўзначаліць Леў XIV у студзені і лютым 2026 года. Сярод галоўных падзей – Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціян і пачатак Вялікага посту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Служба папскіх літургічных цэлебрацый апублікавала каляндар набажэнстваў, якія пройдуць пад кіраўніцтвам Святога Айца ў бліжэйшыя тыдні. Першай значнай падзеяй стане завяршэнне Тыдня малітвы аб адзінстве хрысціян.

25 студзеня, ва ўрачыстасць Навяртання святога апостала Паўла, Пантыфік узначаліць Нешпары ў рымскай Базіліцы Святога Паўла па-за Мурамі. Гэта набажэнства завершыць LIX Тыдзень малітвы аб адзінстве хрысціян, становячыся бачным знакам імкнення Касцёла да абнаўлення поўнай камуніі паміж вызнаўцамі Хрыста.

Люты распачнецца сустрэчай з тымі, хто прысвяціў сваё жыццё Богу праз манаскія абяцанні. 2 лютага, у свята Ахвяравання Пана, Леў XIV адправіць святую Імшу ў Базіліцы Святога Пятра. Гэта літургія прымеркавана да XXX Сусветнага дня кансэкраванага жыцця.

Асаблівую ўвагу Касцёл надае пачатку Вялікага посту. 18 лютага, у Папяльцовую сераду, пачнуцца традыцыйныя пакаянныя набажэнствы. У 16.30 у рымскім касцёле святога Анзэльма адбудзецца стацыя і пакаянная працэсія, пасля чаго ў базіліцы святой Сабіны Папа ўзначаліць Імшу з абрадам благаслаўлення і пасыпання галоў попелам.

Згодна з паведамленнем, якое падпісаў арцыбіскуп Дыега Равэлі, з 22 па 27 лютага ў Апостальскім палацы пройдуць духоўныя практыкаванні для Святога Айца і супрацоўнікаў Рымскай курыі. У гэты перыяд звычайная публічная дзейнасць Папы будзе прыпыненая для малітвы і разважанняў.
 

09 студзеня 2026, 11:52