Леў XIV прыняў на аўдыенцыі экуменічную дэлегацыю з Фінляндыі Леў XIV прыняў на аўдыенцыі экуменічную дэлегацыю з Фінляндыі  (@VATICAN MEDIA)

Леў XIV: Фінляндыя – узорная краіна для экуменізму

Леў XIV прыняў на аўдыенцыі экуменічную дэлегацыю з Фінляндыі, назваўшы гэтую краіну прыкладам плённага супрацоўніцтва паміж хрысціянскімі канфесіямі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Традыцыйная пілігрымка фінскіх хрысціян у Рым з нагоды свята святога Генрыка сёлета супала з Тыднем малітваў аб еднасці хрысціян.

Вітаючы лютэранскага архіепіскапа Тапіа Луома, праваслаўнага мітрапаліта Элію і каталіцкага біскупа Райма Гаяролу, Папа падкрэсліў, што падмуркам нашага братэрства з'яўляецца адзіны хрост, які дае пачатак супольнай надзеі.

Надзея, якая не мае меж

Пантыфік адзначыў, што хоць Юбілей Надзеі нядаўна завяршыўся закрыццём Святой Брамы ватыканскай базілікі, хрысціянская надзея не ведае канца. У часы, калі людзі часта паддаюцца роспачы, хрысціяне маюць важную місію – несці святло Хрыста ў самыя цёмныя куткі свету праз добрыя словы і ўчынкі міласэрасці.

Агульнае фота з экуменічнай дэлегацыяй з Фінляндыі
Агульнае фота з экуменічнай дэлегацыяй з Фінляндыі   (@VATICAN MEDIA)

Папа з удзячнасцю ўзгадаў сумесную дэкларацыю праваслаўных, лютэран і католікаў Фінляндыі, накіраваную на развіццё паліятыўнай дапамогі. Ён назваў гэтую краіну “ўзорнай” у пытаннях экуменізму, дзе хрысціяне розных традыцый разам прасоўваюць культуру годнасці і спачування.

Новыя крокі ў дыялогу

Леў XIV таксама звярнуў увагу на тэалагічныя поспехі, згадаўшы дакумент “Камунія ў росце”, які стаў важнай вяхой на шляху да адзінства. Гэты досвед павінен стаць добрым штуршком для шостага этапу Міжнароднага каталіцка-лютэранскага дыялогу, які распачнецца ў наступным месяцы пад сустаршынствам Біскупа Хельсінкі Райма Гаяролы.

На завяршэнне сустрэчы Пантыфік заклікаў гасцей заставацца “носьбітамі надзеі” і прапанаваў разам памаліцца “Ойча наш” на англійскай мове як знак сяброўства ў Хрысце.
 

19 студзеня 2026, 09:55