Кансісторый кардыналаў кожны год: рашэнне Льва XIV
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На заканчэнне першай сесіі надзвычайнага кансісторыя 7 студзеня 2026 года Пантыфік падзяліўся сваім бачаннем будучыні Касцёла, падкрэсліўшы важнасць супольнага распазнавання.
У спантанным выступленні ён адзначыў, што шлях, пройдзены разам, не менш важны за выніковыя рашэнні, паколькі Калегія кардыналаў дае свету сведчанне адзінства і гатоўнасці слухаць Духа Святога.
Папа заклікаў не баяцца навізны і пазбягаць замкнёнасці ў мінулым, ставячы ў прыклад радасць Евангелля, якая вызваляе і робіць вернікаў творчымі. Паводле яго слоў, Касцёл не існуе сам для сябе або для іерархіі – яго сапраўдная місія заключаецца ў абвяшчэнні Хрыста свету праз сінадальнасць і місіянерскі запал.
Святы Айцец падкрэсліў, што гэты працэс з’яўляецца працягам дыскусій, распачатых яшчэ падчас генеральных кангрэгацый перад майскім канклавам 2025 года.
Леў XIV запэўніў, што ўсе канкрэтныя пытанні будуць разгледжаны, і заклікаў кардыналаў да свабоднага дыялогу, бо менавіта яны паклікалі яго да гэтага служэння.
Наступны этап сумеснай працы прызначаны ўжо на чэрвень 2026 года.
