Пошук

Леў XIV прыняў ксяндза Джона Берга, генеральнага настаяцеля Брацтва святога Пятра (FSSP) і ксяндза Ёзэфа Бізіга, аднаго з заснавальнікаў супольнасці Леў XIV прыняў ксяндза Джона Берга, генеральнага настаяцеля Брацтва святога Пятра (FSSP) і ксяндза Ёзэфа Бізіга, аднаго з заснавальнікаў супольнасці  (@VATICAN MEDIA)

Папа прыняў лідараў Брацтва святога Пятра: дыялог аб будучыні

Папа прыняў на прыватнай аўдыенцыі генеральнага настаяцеля Брацтва святога Пятра, пацвердзіўшы адкрытасць да дыялогу з супольнасцямі, якія захоўваюць літургічную спадчыну.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У панядзелак, 19 студзеня 2026 года, у Ватыкане адбылася знакавая сустрэча: Леў XIV прыняў ксяндза Джона Берга, генеральнага настаяцеля Брацтва святога Пятра (FSSP). Разам з ім на аўдыенцыі прысутнічаў ксёндз Ёзэф Бізіг, адзін з заснавальнікаў супольнасці і цяперашні рэктар семінарыі ў Злучаных Штатах.

Як паведаміў генеральны дом Брацтва ў швейцарскім Фрыбургу, падчас паўгадзіннай размовы ксёндз Берг пазнаёміў Святога Айца з гісторыяй і сучаснымі формамі апостальства гэтай супольнасці, якая вось ужо амаль 38 гадоў служыць вернікам, захоўваючы вернасць свайму харызмату.

Сустрэча стала добрай нагодай не толькі для справаздачы аб поспехах, але і для абмеркавання складаных пытанняў. Кіраўніцтва Брацтва падзялілася з Пантыфікам інфармацыяй пра перашкоды, з якімі супольнасць сутыкаецца ў некаторых дыяцэзіях. Пантыфік праявіў жывую цікавасць да жыцця Брацтва і на заканчэнне сустрэчы ўдзяліў сваё благаслаўленне ўсім яго членам.

Гэты візіт набывае асаблівую вагу ў кантэксце апостальскай візітацыі, якую Дыкастэрыя па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця распачала ў 2024 годзе для лепшага азнаямлення з дзейнасцю гэтай структуры.

Сёння Брацтва святога Пятра, заснаванае ў 1988 годзе, з’яўляецца важным мостам паміж традыцыяй і сучасным жыццём Касцёла. Супольнасць налічвае 368 святароў, якія служаць у 147 дыяцэзіях свету, здзяйсняючы літургію ў старым лацінскім абрадзе.

Як супольнасць папскага права, Брацтва падпарадкоўваецца непасрэдна Апостальскай Сталіцы. Як гаворыцца ў паведамленні, цяпер вернікі і духоўныя асобы супольнасці рыхтуюцца да абнаўлення прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі, якое адбудзецца 11 лютага 2026 года, суправаджаючы гэты час шчырай малітвай за Папу і Касцёл.
 

21 студзеня 2026, 10:46