Пошук

Папа: Юбілей стаў для многіх часам плённай сустрэчы з Хрыстом

На працягу Святога года шмат людзей змаглі асабіста сустрэцца з Езусам і пераканацца, што “надзея не падводзіць”, бо Пан жыве і пілігрымуе разам з намі, падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

10 студзеня 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі прадстаўнікоў ватыканскіх і італьянскіх дзяржаўных устаноў і арганізацый, касцельных структур і валанцёраў, якія дапамагалі Святому Пасаду ў правядзенні Юбілею. Пантыфік падкрэсліў, што дзякуючы іх укладу больш за трыццаць мільёнаў пілігрымаў змаглі прыняць удзел у цэлебрацыях і мерапрыемствах, якія былі добра арганізаваныя і прайшлі ў святочнай атмасферы.

“Дзякуючы вам Рым паказаў усім сваё аблічча гасціннага дома, адкрытай супольнасці, ветлівай, а разам з тым, сціплай і поўнай павагі, якая дапамагла ўсім плённа перажыць гэту вялікую падзею веры”, - сказаў Папа.

Юбілей дазволіў многім сустрэцца з Хрыстом

“Візіт да магіл Пятра і Паўла, іншых апосталаў і мучанікаў, праход праз Святую Браму, перажыванне прабачэння і міласэрнасці Бога – усё гэта стала для многіх людзей момантамі плённай сустрэчы з Панам Езусам, падчас якіх яны маглі пераканацца, што “надзея не падводзіць”, таму што Ён жыве і пілігрымуе ў нас і разам з намі – як у важныя моманты нашага жыцця, так і ў штодзённасці, – і таму што разам з Ім мы можам дасягнуць мэты”, - падкрэсліў Пантыфік.

Без надзеі цяжка працягваць жыццёвы шлях

Леў XIV нагадаў словы святога Аўгустына пра патрэбу кожнага пілігрыма ў надзеі, бо менавіта яна дазваляе дасягнуць мэты, нягледзячы на стомленасць. Святы Айцец нагадваў сваім гасцям, што сваёй працай яны дапамаглі многім людзям зноў знайсці надзею і “нанова распачаць жыццёвы шлях з абноўленай верай і намерамі любові”.

Моладзь дала сведчанне веры

Святы Айцец звярнуў асаблівую ўвагу на актыўны ўдзел у Юбілеі моладзі і падлеткаў з розных краін свету, якія далі прыклад энтузіязму, сур’ёзнага ўдзелу ў малітвах і цэлебрацыях, а таксама прадэманстравалі моцнае жаданне адзніства, узаемнага знаёмства і дзялення важным жыццёвым досведам.

“Давайце паразважаем над тым, што яны нам паказалі. Мы ўсе, на розных узроўнях, адказныя за іх будучыню, у якой знаходзіцца будучыня свету. Таму давайце спытаемся ў сябе ў святле таго, што мы бачылі: чаго яны па-сапраўднаму патрабуюць? Што ім сапраўды дапаможа пасталець і праявіць свае найлепшыя якасці? Дзе яны змогуць знайсці праўдзівыя адказы на самыя глыбокія пытанні, што носяць у сэрцах? Моладзі патрэбныя здаровыя прыклады, якія скіруюць іх да дабра, любові, святасці, такія як святыя Карла Акуціс і П’ер Джоржыа Фрасаці, кананізаваныя ў верасні мінулага года”, - сказаў Пантыфік.

Сведчыць пра надзею

Леў XIV нагадаў, што абвяшчаючы Юбілей, Францішак заклікаў дзяліцца надзеяй, якую дае вера ў Езуса Хрыста. “Няхай гэта будзе тым заданнем, якое мы панясём з сабой, як плённы працяг здзейсненай працы, каб шматлікія зерні дабра, якія таксама дзякуючы вашай дапамозе Пан у мінулыя месяцы пасеяў у многіх сэрцах, маглі расці і развівацца”, - пажадаў Святы Айцец.
 

10 студзеня 2026, 12:10