Крушэнне цягнікоў у Іспаніі Крушэнне цягнікоў у Іспаніі 

Пантыфік спачувае ў сувязі з чыгуначнай катастрофай у Іспаніі

Леў XIV выказаў свае шчырыя спачуванні ў сувязі з трагічнай чыгуначнай катастрофай у Іспаніі, якая адбылася 18 студзеня 2026 года непадалёк ад Кордавы і прывяла да гібелі каля сарака чалавек.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У тэлеграме за подпісам Дзяржаўнага сакратара, кардынала П’етра Параліна на імя старшыні Канферэнцыі біскупаў Іспаніі, арцыбіскупа Луіса Хаўера Аргуэльё Гарсіі, Пантыфік запэўніў у сваёй малітве аб вечным супакоі для загінулых, пажадаў хутчэйшага выздараўлення шматлікім параненым і заклікаў ратавальныя службы настойліва працягваць намаганні па аказанні дапамогі. Ён перадаў усім сваё апостальскае благаслаўленне, праз заступніцтва Маці Божай Пілар, апякункі Іспаніі, “у знак надзеі на Уваскрослага Пана”.

Сутыкненне цягнікоў, дзясяткі ахвяр

Трагедыя адбылася ўвечары 18 студзеня 2026 года ў мястэчку Адамуз бліз Кордавы, дзе ў 19:39 сутыкнуліся два высакахуткасныя цягнікі лініі Мадрыд – Андалусія. Цягнік кампаніі Iryo, які накіроўваўся з Малагі ў Мадрыд і перавозіў 317 пасажыраў, сутыкнуўся з цягніком, які рухаўся ў процілеглым кірунку, з Мадрыда ў Уэльву, з больш чым 200 пасажырамі на борце. Прынамсі два ці тры вагоны ўпалі з пяціметровага насыпу, што ўскладніла працу пажарных.

Прычыны крушэння высвятляюцца. Сярод папярэдніх версій разглядаецца аслабленне стыку рэек, у выніку чаго паміж участкамі шляху ўтварыўся прамежак, які з праходам цягнікоў паступова павялічваўся і ўрэшце прывёў да аварыі.

19 студзеня 2026, 13:00