Папа падчас хросту дзяцей у Ватыкане: вера надае сэнс жыццю

Крочыць шляхам жыцця з радасцю і ўпэўненасцю, што Пан заўсёды будзе суправаджаць іх, пажадаў Леў XIV дзецям, якім удзяліў сакрамэнт хросту ў Сікстынскай капэле.

Марыя Валодзіна - Vatican News

11 студзеня 2026 года, у свята Хросту Пана, Святы Айцец узначаліў Імшу ў Сікстынскай капэле, падчас якой ахрысціў дваццаць дзяцей супрацоўнікаў ватыканскіх устаноў. У гаміліі ён нагадаў, што Пан уваходзіць у гісторыю чалавецтва і жыццё кожнага з адкрытым і пакорным сэрцам. Ён падкрэсліў, што Езус, стаўшы чалавекам, адкрыў для ўсіх дзіўную магчымасць – новы і нечаканы час Збаўлення, які пераўзышоў нават чаканні прарокаў.

Звяртаючыся да евангельскай сцэны хросту ў Ярдане (Мц 3:14), Папа адзначыў здзіўленне Яна Хрысціцеля, які казаў: “Гэта мне трэба прымаць хрост ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?” Як святло ў цемры, Пан аказваецца там, дзе мы Яго не чакаем: святы сярод грэшнікаў, які хоча жыць сярод нас, не трымаючыся на адлегласці, а наадварот, прымаючы на сябе ўсё чалавечае. Езус сказаў яму ў адказ: “Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва” (Мц 3:15). Пра якую справядлівасць ідзе гаворка? – спытаў Папа. У хросце Езуса здзяйсняецца Божая справядлівасць – праз міласэрнасць Айца гэты жэст становіцца знакам смерці і Уваскрасення, прабачэння і еднасці. “Вось сакрамэнт, які мы ўдзяляем сёння гэтым дзецям: паколькі Бог любіць іх, яны становяцца хрысціянамі, нашымі братамі і сёстрамі”, - сказаў Леў XIV.

Хрост немаўлят у Ватыкане
Хрост немаўлят у Ватыкане   (@Vatican Media)

Звяртаючыся да бацькоў, Пантыфік падкрэсліў, што пасля хросту іх дзеці ператвараюцца ў новых істот: бацькі далі дзецям жыццё, а праз сакрамэнт хросту яны атрымліваюць сэнс жыцця – веру. Ведаючы, што нейкае дабро жыццёва неабходнае, мы адразу імкнёмся даць яго тым, каго любім, бо ніхто не пакіне немаўля без адзення і ежы, чакаючы, пакуль яно вырасце і само вырашыць, як апранацца і што ёсць. Калі ежа і адзенне патрэбныя для жыцця, то вера патрэбная яшчэ больш, бо з Богам жыццё знаходзіць збаўленне, - нагадаў Святы Айцец.

“Прыйдзе дзень, калі дзеці стануць занадта цяжкімі, каб трымаць іх на руках; і прыйдзе дзень, калі яны будуць падтрымліваць вас. Хрост, які яднае нас у адну касцёльную сям’ю, няхай ва ўсе часы асвячае вашы сем'і, надаючы моц і сталасць любові, якая аб'ядноўвае вас”, - пажадаў Папа.

Леў XIV звярнуў увагу на жэсты, якія здзяйсняюцца падчас хросту: абмыванне вадой у Духу Святым ачышчае ад граху; белая вопратка – новае адзенне, падоранае Богам Айцом для вечнага свята Яго Валадарства; запаленая ад пасхала свечка – гэта святло Уваскрослага Хрыста, які асвятляе шлях хрысціяніна. Ён пажадаў дзецям і іх сем’ям крочыць гэтым шляхам з радасцю ў новым годзе і на працягу ўсяго жыцця, з упэўненасцю, што Пан заўсёды будзе суправаджаць іх крокі.

Хрост дзяцей у Сікстынскай капэле
11 студзеня 2026, 10:53