Пошук

Папская касцельная акадэмія Папская касцельная акадэмія 

Папа: дыпламатыя – не тактыка, а ўдумлівая дабрачыннасць

Папскія дыпламаты пакліканыя быць мастамі: нябачнымі мастамі для падтрымкі, трывалымі мастамі ў час выпрабаванняў, і мастамі надзеі, калі дабро здаецца крохкім, - напісаў Леў XIV ў пасланні з нагоды 325-й гадавіны заснавання Папскай касцёльнай акадэміі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пантыфік выказаў удзячнасць Богу за “доўгую і плённую гісторыю” гэтай установы, якая больш за тры стагоддзі служыць Наступніку Пятра і дыпламатычнай місіі Святога Пасада.

У лісце да акадэмічнай супольнасці, датаваным 21 лістапада 2025 года, Святы Айцец нагадаў, што з часоў заснавання гэтай навучальнай установы ў 1701 годзе па рашэнні Клімента XI, шматлікія яго папярэднікі бераглі яе дух і падтрымлівалі развіццё, адказваючы на патрэбы Касцёла і дыпламатыі ў розныя гістарычныя эпохі.

Папа Францішак Апостальскай канстытуцыяй “Praedicate Evangelium” пацвердзіў пазіцыю акадэміі ў структуры Дзяржаўнага сакратарыяту, у цеснай сувязі з секцыяй дыпламатычнага персаналу Святога Пасада; затым хірографам “Il Ministero Petrino” ад 25 сакавіка 2025 года кваліфікаваў акадэмію як перадавы цэнтр вышэйшай акадэмічнай падрыхтоўкі і навуковых даследаванняў у галіне дыпламатычных навук – прамы інструмент дыпламатычнай дзейнасці Святога Пасада, - гаворыцца ў лісце.

Леў XIV падкрэсліў, што мэта гэтых рэформаў – прапанаваць глыбокую і ўсебаковую фармацыю, якая спалучае юрыдычныя, гістарычныя, палітычныя, эканамічныя і моўныя навыкі з чалавечымі і святарскімі якасцямі маладых прэзбітэраў. Ён падзякаваў кіраўніцтву і студэнтам дыпакадэміі за шлях еднасці і абнаўлення, па якім яны крочаць у духу веры і адкрытасці да зменаў, не забываючы пра карані.

Папа заклікаў выхаванцаў дыпакадэміі з новым запалам працягваць фармацыйны шлях, нагадаўшы, што дыпламатычная служба – гэта не прафесія, а пастырскае пакліканне, “евангельскае мастацтва сустрэчы”, якое шукае шляхі прымірэння там, дзе людзі ўзводзяць муры недаверу. Ватыканская дыпламатыя вынікае з Евангелля: яна не з’яўляецца тактыкай, але “удумлівай дабрачыннасцю, якая не шукае пераможцаў і пераможаных, не будуе бар'ераў, а аднаўляе сапраўдныя сувязі”, - адзначыў Пантыфік.

Для пабудовы такога адзінства кожнаму прамоўленаму слову павінна папярэднічаць слуханне – слуханне Бога і тых, чый голас часта застаецца непачутым. Папскія дыпламаты пакліканыя быць мастамі: нябачнымі мастамі для падтрымкі, трывалымі мастамі ў час выпрабаванняў, і мастамі надзеі, калі дабро здаецца крохкім, - напісаў Леў XIV.

Папа заклікаў супольнасць дыпакадэміі браць прыклад са святога Антонія Абата, яе нябеснага апекуна, які здолеў ператварыць цішыню пустыні ў плённы дыялог з Богам, а таксама быць глыбокадухоўнымі святарамі, каб чэрпаць у малітве моц для сустрэчы з іншымі. Напрыканцы паслання ён даручыў выхаванцаў і супрацоўнікаў дыпакадэміі Марыі, Маці Касцёла, каб яна апекавалася імі і рабіла іх паслухмянымі Божай волі ў служэнні Святому Пасаду.

17 студзеня 2026, 12:37