Пошук

Папа: кансісторый – не каманда экспертаў, а супольнасць веры

Мы сабраліся разам не для таго, каб прасоўваць уласную павестку дня, а каб прадставіць нашы жаданні і думкі Пану, - падкрэсліў Леў XIV падчас святой Імшы з кардыналамі, якія бяруць удзел у кансісторыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Умілаваныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога” – гэтымі словамі з Першага паслання святога Яна Пантыфік пачаў гамілію падчас эўхарыстычнай цэлебрацыі, якую ўзначаліў раніцай 8 студзеня 2026 года ў Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане.

Спыніцца для малітвы і распазнання

Святы Айцец нагадаў, што лацінскае слова “consistorium”, якое азначае “сход”, можа быць прачытана таксама ў святле кораня дзеяслова “consistere”, што значыць “спыніцца”.

“Фактычна мы ўсе “спыніліся”, каб быць тут: мы прыпынілі на пэўны час нашу дзейнасць і адклалі выкананне абавязкаў, нават важных, каб сабрацца разам і распазнаваць тое, аб чым Пан просіць нас дзеля дабра свайго народа”, - сказаў Папа. Ён падкрэсліў, што “гэта само па сабе з’яўляецца вельмі значным жэстам, прароцкім, асабліва ў кантэксце мітуслівага грамадства, у якім жывём”, бо “нагадвае пра важнасць умення спыняцца на кожным жыццёвым шляху, каб маліцца, слухаць, разважаць і так усё выразней скіроўваць позірк да мэты, накіроўваючы да яе кожнае намаганне і кожны рэсурс, каб не рызыкаваць бегчы бязмэтна або марна біць паветра, адносна чаго засцерагае апостал Павел (пар. 1 Кар 9,26)”.

Пакладзём думкі і жаданні на алтар

Пантыфік падкрэсліў, што мэта кансісторыя не заключаецца ў прасоўванні асабістай ці групавой “павесткі дня”, а ў тым, каб у распазнанні прадставіць Пану свае задумы і натхненні.

“Таму важна, каб мы зараз, у Эўхарыстыі, паклалі ўсе нашы жаданні і думкі на алтар разам з дарам нашага жыцця, ахвяруючы іх Айцу ў еднасці з Ахвярай Хрыста, каб зноў атрымаць іх ачышчанымі, асветленымі, злітымі і пераўтворанымі ласкай у адзіны Хлеб”, - падкрэсліў Папа.

Не каманда экспертаў, а супольнасць веры

Святы Айцец адзначыў, што Калегія кардыналаў, хоць і складаецца з людзей з шматлікімі кампетэнцыямі і выдатнымі здольнасцямі, “паклікана перш за ўсё быць не камандай экспертаў, але супольнасцю веры”. Ён падкрэсліў важнасць таго, каб “спыненне” на час кансісторыя было прасякнута любоўю да Бога, Касцёла і людзей.

“Пяць хлябоў і дзве рыбы” для свету

Леў XIV падкрэсліў, што супрацоўніцтва асабліва неабходнае перад абліччам шматлікіх праблем сучаснага свету. “Вядома, і мы, стоячы перад “вялікім натоўпам” чалавецтва, якое прагне дабра і міру, у свеце, дзе сытасць і голад, багацце і няшчасце, барацьба за выжыванне і адчайная экзістэнцыяльная пустэча працягваюць падзяляць і раніць людзей, народы і супольнасці, чуючы словы Настаўніка: “Вы дайце ім есці” (Мк 6,37), можам адчуваць сябе як вучні: бездапаможныя і без рэсурсаў. (...) Сапраўды, нам не заўсёды ўдаецца знайсці хуткія рашэнні праблем, з якімі мы сутыкаемся. Аднак заўсёды, усюды і ў любой сітуацыі мы можам дапамагаць адзін аднаму – і асабліва дапамагаць Папу – знайсці “пяць хлябоў і дзве рыбы”, якіх Провід ніколі не шкадуе, калі Яго дзеці просяць аб дапамозе”, - сказаў Папа.
 

08 студзеня 2026, 11:30