Папа і кардыналы падчас надзвычайнага кансісторыя Папа і кардыналы падчас надзвычайнага кансісторыя  (@Vatican Media)

Пантыфік на заканчэнне кансісторыя: дыялог працягнецца

У Ватыкане быў апублікаваны тэкст звароту Льва XIV да кардыналаў, прамоўленага на заканчэнне надзвычайнага кансісторыя, які прайшоў з 7 па 8 студзеня 2026 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа заахвоціў іерархаў працягваць крочыць шляхам узаемнага знаёмства, супрацоўніцтва і дыялогу. Ён паведаміў, што наступны двухдзённы кансісторый пройдзе ў чэрвені, напярэдадні ўрачыстасці святых Пятра і Паўла.

Наступныя сустрэчы

Пантыфік расказаў, што прыняў прапанову кардыналаў праводзіць такія сустрэчы кожны год, а таксама ў далейшым павялічыць іх працягласць да трох-чатырох дзён. Ён адзначыў, што першы дзень можа быць прысвечаны разважанню, малітве і сустрэчы, а наступныя могуць насіць рабочы характар. Святы Айцец заклікаў кардыналаў да салідарнасці і дапамогі тым, каму складана прыехаць у Рым з эканамічных прычын.

Працяг дыялогу

Леў XIV папрасіў іерархаў падзяліцца ў пісьмовай форме меркаваннямі адносна кансісторыя, а таксама чатырох тэм, якія ён прапанаваў для рэфлексіі: евангелізацыі, сінадальнасці, служэння Рымскай курыі і літургіі. Ён запэўніў, што паступова азнаёміцца з заўвагамі кардыналаў і дасць ім адказы, каб дыялог працягваўся.

Барацьба са злоўжываннямі

Гаворачы пра тэмы, якія закраналіся ў ходзе дыскусій, Пантыфік заклікаў працягваць рашучыя дзеянні па выкараненні сексуальных злоўжыванняў у Касцёле. Ён адзначыў важнасць належнага суправаджэння ахвяр, нагадаўшы, што асаблівы боль ім прычыняе закрытасць з боку Касцёла і нежаданне біскупаў выслухаць іх.

Важнасць фармацыі

Леў XIV звярнуў увагу на важнасць фармацыі як духавенства, так і свецкіх вернікаў. У прыватнасці, ён адзначыў патрэбу ў навучанні слуханню. Па словах Папы, фармацыя павінна быць “укаранёная ў штодзённае і канкрэтнае жыццё мясцовага Касцёла, парафіяльных супольнасцей і многіх іншых месцаў, дзе сустракаемся з людзьмі, асабліва тымі, хто пакутуе”.

Хрыстус – у цэнтры місіі Касцёла

Папа нагадаў, што цэнтральнае месца ў місіі Касцёла павінен займаць Езус Хрыстус і абвяшчэнне Яго Евангелля. “Мы хочам абвяшчаць Яго слова, і таму таксама і нам важна весці сапраўднае духоўнае жыццё, якое можа быць сведчаннем для сучаснага свету”, - сцвердзіў Пантыфік.

Сінадальнасць дзеля місіянерскай крэатыўнасці

Святы Айцец адзначыў важнасць далейшага ўмацавання адзінства і сінадальнасці для місіянерскай дзейнасці Касцёла. Ён падкрэсліў, што сінадальныя сустрэчы паміж біскупамі, святарамі і свецкімі вернікамі ці паміж мясцовымі Касцёламі павінны дапамагаць прасоўваць сапраўдную місіянерскую крэатыўнасць.

Несці надзею свету

Пантыфік заўважыў, што ўдзельнікі кансісторыя не абыякавыя да беднасці, пакут, вайны і гвалту, якія закранаюць многія мясцовыя Касцёлы. “Маючы іх у сваіх сэрцах, мы блізкія да іх”, - сказаў ён, заклікаючы прыкладаць намаганні, каб несці надзею ў свет.
 

10 студзеня 2026, 16:46