Уваходная брама на тэрыторыі былога канцэнтрацыйнага лагера "Аўшвіц-Біркенаў" Уваходная брама на тэрыторыі былога канцэнтрацыйнага лагера "Аўшвіц-Біркенаў" 

Пантыфік: ніводзін народ не павінен спазнаць жах генацыду

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 28 студзеня 2026 года ў Ватыкане, Папа скіраваў заклік у сувязі з Міжнародным днём памяці ахвяр Халакосту і выказаў блізкасць насельніцтву Мазамбіка, якое пакутуе ад моцных паводак.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік нагадаў, што 27 студзеня адзначаўся Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту – падзеі, “якая пазбавіла жыцця мільёны яўрэяў і многіх іншых людзей”. “У гэты штогадовы дзень балючага ўспаміну я прашу Усемагутнага аб дары свету, свабоднага ад антысемітызму, забабонаў, прыгнёту і пераследу любой чалавечай істоты. Я зноў звяртаюся да супольнасці народаў з заклікам заўсёды заставацца пільнымі, каб жах генацыду больш ніколі не абрынуўся ні на адзін народ, і будаваць грамадскі лад, заснаваны на ўзаемнай павазе і агульным дабры”, - сказаў Леў XIV.

Святы Айцец таксама згадаў пра разбуральныя паводкі ў Мазамбіку. “Молячыся за загінулых, я выказваю сваю блізкасць людзям, якія былі эвакуіраваныя, і ўсім, хто аказвае ім падтрымку”, - сказаў Папа.
 

28 студзеня 2026, 11:32