Леў XIV: мір немагчымы, калі адкідаюць слабых і бедных

Міру немагчыма дасягнуць без спынення “вайны, якую чалавецтва вядзе супраць самаго сябе, калі адкідае слабых, выключае бедных з жыцця грамадства, застаецца раўнадушным да бежанцаў і прыгнечаных”, - падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

31 студзеня 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане каля ста маладых палітычных лідараў з розных краін, якія бралі ўдзел у фармацыйным курсе “Адно чалавецтва, адна планета”, арганізаваным Рухам “Факаляраў”.

“Розныя нацыянальнасці, культуры і рэлігіі, да якіх вы належыце, не павінны быць прычынай суперніцтва, а служыць супрацоўніцтву і развіццю ў духу сінадальнасці”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў увагу на сітуацыю ў свеце, пазначаную шматлікімі праявамі несправядлівасці, гвалтам і войнамі. Ён заклікаў моладзь спрыяць міру ў штодзённым жыцці, на месцы вучобы і працы, падкрэсліўшы, што з гэтага пачынаецца будаванне міру паміж народамі.

“Мір – гэта ў першую чаргу дар, бо мы прымаем яго ад тых, хто апярэдзіў нас у гісторыі: за гэтае дабро трэба быць удзячнымі. Мір – гэта запавет, які ўскладае на нас агульнае абавязацельства: шанаваць яго, калі ён ёсць, і будаваць яго, калі яго не хапае. Нарэшце, мір – гэта абяцанне, бо ён падтрымлівае нашу надзею на лепшую будучыню, і менавіта ў гэтай якасці яго шукаюць усе людзі добрай волі”, - сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў незаменную сацыяльную ролю палітыкі, выказваючы пажаданне, каб яна садзейнічала большаму ўдзелу людзей у жыцці дзяржаў, што з’яўляецца асновай для будавання ўсеагульнага братэрства.

“У гэтым кантэксце заклікаю вас да рэфлексіі над тым фактам, што не будзе міру, калі не пакласці канец вайне, якую чалавецтва вядзе супраць самаго сябе, калі адкідае слабых, выключае бедных з жыцця грамадства, застаецца раўнадушным да бежанцаў і прыгнечаных. Толькі той, хто клапоціцца пра найменшых, можа рабіць па-сапраўднаму вялікія справы”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў словы Маці Тэрэзы з Калькуты пра тое, што “найвялікшым разбуральнікам міру з’яўляецца аборт”. “Яе голас застаецца прароцкім: ніякая палітыка не служыць народам, калі выключае з жыцця тых, хто яшчэ павінен нарадзіцца, і не клапоціцца пра тых, хто мае патрэбу ў матэрыяльнай і духоўнай дапамозе”, - сцвердзіў Леў XIV.
 

31 студзеня 2026, 13:27