Леў XIV – моладзі: жывіце як людзі, якія маюць Хрыста ў сэрцы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Давайце імкнуцца жыць па-сапраўднаму гэтым духам сяброўства, братэрства, быць разам, бо мы ведаем, што калі мы адзіныя, няма такой цяжкасці, якую б мы не маглі пераадолець”, - адзначыў Папа ў звароце да шасці тысяч юнакоў і дзяўчат, якія запоўнілі ватыканскую Залу Паўла VI, а таксама да многіх іншых маладых людзей, што сачылі за сустрэчай з дапамогай вялікіх экранаў, устаноўленых на Плошчы Святога Пятра.
Калі адчуваеш сябе самотным – ідзі насустрач іншым
На пачатку сустрэчы прагучалі некалькі сведчанняў, адно з якіх датычылася адчування самотнасці, з якім сутыкаюцца многія юнакі і дзяўчаты, нават калі знаходзяцца пасярод мноства іншых людзей.
“Жыццё, поўнае “спасылак” без адносін ці “лайкаў” без любові, расчароўвае нас, бо мы створаны для праўды: калі яе не хапае, мы пакутуем. Мы створаны для дабра, але маскі аднаразовага задавальнення здраджваюць нашаму жаданню”, - сказаў ён.
Папа заклікаў моладзь давяраць любові Бога, асабліва ў хвіліны роспачы і цемры. “Калі адчуваеш сябе самотным, памятай, што Бог ніколі не пакідае цябе”, - параіў Пантыфік, адзначаючы, што “кожны застаецца самотным, калі глядзіць выключна на самога сябе”.
“Але выйсце насустрач бліжняму робіць цябе вобразам таго, чым Бог ёсць для цябе. Як Ён прыносіць надзею ў тваё жыццё, так і ты можаш дзяліцца ёй з іншымі. Так вы разам убачыце, што з’яўляецеся шукальнікамі адзінства і братэрства”, - падкрэсліў Леў XIV.
Шэры свет становіцца гасцінным, калі ў ім жыве Бог
Пантыфік падкрэсліў, што сапраўдная сустрэча з Хрыстом можа перамяняць людзей і супольнасці. “Святло Евангелля асвятляе нашы адносіны: праз штодзённыя жэсты і словы яно пашыраецца, агарняючы кожнага сваім святлом. Тады шэры і ананімны свет становіцца гасцінным месцам, адпаведным чалавеку, менавіта таму, што ў ім жыве Бог”, - адзначыў ён.
Каб змяніць грамадства, трэба змяніцца самім
Папа заклікаў моладзь не захоўваць выключна для сябе дар веры і адзінства, якімі яны жывуць у парафіях, араторыях і асацыяцыях, але мужна дзяліцца імі з іншымі.
“Не чакайце, што свет прыме вас з адкрытымі рукамі: рэклама, якая павінна прадаваць нешта для спажывання, мае большую аўдыторыю, чым сведчанне, якое хоча будаваць шчырыя і сяброўскія адносіны. Таму дзейнічайце з радасцю і пастаянствам, ведаючы, што, каб змяніць грамадства, трэба ў першую чаргу змяніцца самім”, - падкрэсліў Папа.
Жыць па-сапраўднаму – значыць жыць з Богам
Пантыфік запэўніў моладзь у сваёй любові і малітве аб тым, каб кожны малады чалавек знайшоў добрае і сапраўднае жыццё, адпаведнае Божай волі. “Я спадзяюся, што ўсе будуць мець святое жыццё”, - сказаў Леў XIV, падкрэсліваючы, што жыць па-сапраўднаму значыць жыць з Богам, які аддаў за нас сваё жыццё.
Сяброўства з Хрыстом можа змяніць свет
Святы Айцец падкрэсліў, што сяброўства з Хрыстом з’яўляецца “нашай пуцяводнай зоркай”. “Калі нашы сяброўствы адлюстроўваюць гэту моцную сувязь з Езусам, тады яны становяцца шчырымі, шчодрымі і праўдзівымі. Тады “сяброўства можа па-сапраўднаму змяніць свет”, становячыся “шляхам да міру”, - запэўніў Папа.
Леў XIV заклікаў маладых людзей вызваляцца ад усяго непатрэбнага, што абцяжарвае іх жыццё, бо “сэрца, поўнае таго, што адцягвае ўвагу, не знаходзіць шляху, але той, хто яго прагне, ужо пачынае вызваляцца ад таго, што яго блакуе”. “Незадаволенасць – рэха праўды: яна не павінна палохаць нас, бо добра паказвае, колькі пустаты займае наша жыццё”, - сказаў Папа.
Малітва разрывае ланцугі суму, пыхі і абыякавасці
Па словах Святога Айца, каб разарваць гэтыя путы, трэба ў першую чаргу маліцца. “Гэта самы канкрэтны ўчынак, які хрысціянін можа рабіць дзеля дабра бліжняга, сябе і ўсяго свету. Малітва – гэта чын свабоды, які разрывае путы смутку, пыхі і абыякавасці. Каб запаліць свет, патрэбны сэрцы, якія палаюць! Полымя запальвае Бог, калі мы молімся, асабліва калі прымаем Яго і пакланяемся Яму ў Эўхарыстыі, калі сустракаем Яго ў Евангеллі, калі славім Яго псальмамі. Так Ён робіць нас здольнымі быць святлом свету і соллю зямлі”, - сцвердзіў Папа, заклікаючы моладзь быць людзьмі, якія “маюць у сэрцы Хрыста, слухаюць Яго як Настаўніка і ідуць за Ім як за Пастырам”.
“Давайце паглядзім на святых: наколькі яны свабодныя! Разам з імі давайце працягваць шлях, добра ўсведамляючы, што сапраўднае дабро ў жыцці не можа быць набыта за грошы ці заваявана зброяй, а можа быць толькі падорана, бо Бог дорыць яго ўсім з любоўю”, - завяршыў свой зварот Папа.
