Леў XIV зачыніў Святую Браму ватыканскай базілікі
Марыя Валодзіна - Vatican News
У гаміліі Леў XIV паразважаў над кантрастамі, якія суправаджаюць Божае Аб’яўленне: радасць і трывога, супраціў і паслухмянасць, страх і надзея. Мудрацы радуюцца святлу зоркі, а Ірад і ўвесь Ерузалем непакояцца. Гэта адбываецца таму, што ў прысутнасці Пана нішто не застаецца ранейшым: Ён парушае звыклы спакой і кліча да перамен. Пачынаецца нешта, ад чаго залежыць сучаснасць і будучыня.
Ерузалем, прывыклы да Божых пачынанняў, парадаксальна баіцца надзеі, бо тыя, хто лічыць сябе знаўцамі Пісання, страцілі здольнасць задаваць пытанні і адчуваць жаданні. І гэта выклік таксама і для сённяшняга Касцёла, - папярэдзіў Пантыфік.
Святая Брама ватыканскай базілікі стала знакам глыбокага духоўнага пошуку незлічоных мужчын і жанчын, пілігрымаў надзеі. “Мільёны з іх пераступілі парог Касцёла. Што яны знайшлі? Якія сэрцы, якую ўвагу, які водгук?” – спытаў Святы Айцец. Ён назваў гэтых людзей сучаснымі мудрацамі, якія ў нашым трывожным свеце адважваюцца ісці і шукаць.
Чалавек – пілігрым у дарозе, homo viator, - казалі старажытныя. Евангелле абавязвае Касцёл не баяцца гэтага дынамізму, не стрымліваць гэты рух, але шанаваць яго і накіроўваць да Бога, які яго абуджае, які можа патрывожыць, бо Ён не ляжыць нерухома ў нашых руках, як ідал: Ён жывы і жыццядайны, як Дзіцятка, якое Марыя трымала на руках і якому пакланіліся мудрацы. Святыні, такія як катэдры, базілікі, санктуарыі, што сталі мэтай юбілейных пілігрымак, павінны распаўсюджваць водар жыцця, незгладжальнае ўражанне, што новы свет ужо пачаўся, - сказаў Папа.
Леў XIV заклікаў вернікаў спытаць сябе: “ці ёсць жыццё ў нашым Касцёле? Ці ёсць месца для таго, што нараджаецца? Ці любім і ці абвяшчаем мы Бога, які вядзе наперад?”
У евангельскім урыўку пра мудрацоў, Ірад баяўся страціць уладу і спрабаваў выкарыстаць іх пошук у сваіх мэтах. Ён быў гатовы ілгаць, гатовы на ўсё, бо страх асляпляе. Радасць жа Евангелля, наадварот, вызваляе: яна робіць чалавека разважлівым, але таксама смелым, уважлівым і творчым; яна паказвае новыя шляхі, - нагадаў Папа.
Мудрацы прыходзяць з простым пытаннем: “Дзе народжаны?” (Мц 2, 2). Важна, каб у Касцёле людзі адчувалі, што Месія нарадзіўся, што тут нараджаецца надзея і пачынаецца жыццё. Юбілей нагадвае, што можна пачаць спачатку, больш за тое – што мы яшчэ толькі ў пачатку, што Пан хоча расці сярод нас, быць з намі. Ён ставіць пад сумнеў існуючы парадак, выратоўвае людзей ад старажытнага і новага рабства і залучае ўсіх у свае справы міласэрнасці, у цуды сваёй справядлівасці. “Ён не шуміць, але Яго Валадарства ўжо прарастае паўсюль у свеце”, - сцвердзіў Пантыфік.
Эпіфанію і новыя пачынанні трэба зберагчы ад намераў “ірада” – ад страху, які заўсёды гатовы ператварыцца ў агрэсію. “Любіць мір, шукаць міру – значыць абараняць тое святое, што нараджаецца: маленькае, далікатнае, крохкае, як дзіця”. Сёння скажоная эканоміка спрабуе атрымаць выгаду з усяго: рынак ператварае ў бізнес нават чалавечую смагу пошуку, падарожжа, пачатку новага. “Спытаем сябе: ці навучыў нас Юбілей пазбягаць таго тыпу эфектыўнасці, які зводзіць усё да прадукту, а чалавека – да спажыўца? Ці станем мы пасля гэтага Года больш здольнымі пазнаць у наведвальніку пілігрыма, у незнаёмцы – шукальніка, у далёкім – блізкага, у іншым – спадарожніка?” – заахвоціў Святы Айцец.
Езус вучыць нас цаніць таямніцу сэрцаў і распазнаваць знакі часу. “Дзіцятка, якому пакланяюцца мудрацы, – гэта Дабро без цаны і без меры. Гэта Эпіфанія бескарыслівасці. Ён чакае нас не ў “прэстыжных лакацыях”, а ў сціплай рэчаіснасці”. Пан усё яшчэ здзіўляе нас! Ён дазваляе знайсці Сябе. Яго шляхі – не нашы шляхі, і злодзеі не могуць імі завалодаць. Адсюль і вялікая радасць мудрацоў, якія пакідаюць палац і храм і ідуць у Бэтлеем: менавіта тады яны зноў бачаць зорку! – сказаў Папа.
Цудоўна быць пілігрымамі надзеі і рабіць гэта разам. “Калі нашыя касцёлы не пераўтварацца ў помнікі, а супольнасці будуць сапраўднымі дамамі, калі мы будзем адзіныя ў супраціве спакусам моцных гэтага свету, мы будзем пакаленнем світанку”, - сцвердзіў Святы Айцец.
