Леў XIV заклікаў абяззброіць сэрцы і ўстрымлівацца ад гвалту
Марыя Валодзіна - Vatican News
Вітаючы вернікаў, якія сабраліся на ватыканскай плошчы ў першы дзень новага года, Папа выказаў ім свае найлепшыя пажаданні міру і ўсяго добрага. З глыбокай удзячнасцю ён адказаў таксама на віншаванні Прэзідэнта Італіі Серджа Матарэлы.
Святы Айцец нагадаў, што 1 студзеня адзначаецца Сусветны дзень міру. У сваім пасланні на гэты дзень ён паўтарае пажаданне, якое Пан падказаў яму, паклікаўшы на Пасад святога Пятра: “Супакой усім вам!” Супакой бяззбройны і абяззбройваючы, які паходзіць ад Бога, дар Яго безумоўнай любові, давераны нашай адказнасці. “Давайце з сённяшняга дня пачнем будаваць год міру, абяззбройваючы нашыя сэрцы і ўстрымліваючыся ад усякага гвалту”, - заклікаў Леў XIV.
Пантыфік выказаў удзячнасць за шматлікія ініцыятывы, арганізаваныя з гэтай нагоды ва ўсім свеце. У прыватнасці, узгадаў марш, які прайшоў увечары 31 снежня 2025 года ў Катаніі, і прывітаў удзельнікаў маршу супольнасці святога Эгідзія.
“На пачатку года, у якім будзе адзначацца васьмісотая гадавіна смерці святога Францішка, я хацеў бы даць кожнаму чалавеку яго благаслаўленне, узятае са Святога Пісання: "Няхай благаслаўляе цябе Пан і аберагае цябе, няхай пакажа табе сваё аблічча і адорыць цябе ласкай; скіруе на цябе свой погляд і адорыць цябе мірам”, - сказаў Папа, заклікаючы Багародзіцу весці нас па шляху новага года.
