Святы Айцец заклікае навучыцца маліцца Божым словам
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Молімся, каб малітва Божым словам стала хлебам нашага жыцця і крыніцай надзеі ў нашых супольнасцях, дапамагаючы нам будаваць больш братэрскі і місійны Касцёл” – так гучыць папская інтэнцыя.
У відэароліку Леў XIV заахвочвае вернікаў ва ўсім свеце маліцца разам з ім. Ён звяртаецца да Хрыста са словамі малітвы, нагадваючы, што сэрца чалавека жыве ў неспакоі, прагне сэнсу, і толькі Яго Евангелле можа даць яму спакой і паўнату.
“Навучы нас кожнага дня слухаць Цябе ў Святым Пісанні, дазваляць Твайму голасу ўзрушваць нас, распазнаваць нашы рашэнні ў блізкасці да Твайго Сэрца. Няхай Тваё Слова будзе пажывай у час стомленасці, надзеяй у цемры і сілай у нашых супольнасцях”, - кажа Папа.
Пантыфік просіць Хрыста зрабіць так, каб Яго слова – слова, якое робіць нас дзецьмі і братамі, вучнямі і місіянерамі Божага Валадарства – ніколі не знікала з сэрцаў і вуснаў Яго вучняў.
“Зрабі нас Касцёлам, які моліцца Божым Словам, які будуецца на ім і дзеліцца ім з радасцю, каб у кожным чалавеку зноў нараджалася надзея на новы свет. Няхай наша вера ўзрастае ў сустрэчы з Табой праз Тваё Слова, натхняючы нас ад усяго сэрца выходзіць насустрач іншым, служыць найбольш уразлівым, прабачаць, будаваць масты і абвяшчаць жыццё”, - пажадаў Святы Айцец.
