Святы Айцец благаславіў дзяцей і заклікаў да дыялогу і міру
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пасля малітвы "Анёл Панскі", якая 11 студзеня 2026 года прайшла на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, Папа нагадаў аб тым, што з нагоды свята Хросту Пана раніцай 11 студзеня 2026 года ахрысціў нованароджаных дзяцей супрацоўнікаў Святога Пасада. Ён пашырыў сваё благаслаўленне на ўсіх дзяцей, якія атрымалі або атрымаюць хрост у гэтыя дні ў Рыме і ва ўсім свеце, давяраючы іх мацярынскай апецы Панны Марыі. Асаблівую малітву Леў XIV прысвяціў дзецям, народжаным у цяжкіх умовах, як па стану здароўя, так і з-за знешніх небяспек. “Няхай ласка хросту, якая злучае іх з пасхальнай таямніцай Хрыста, дзейнічае плённа для іх і іх родных”, - пажадаў Святы Айцец.
Пантыфік звярнуўся ў думках да сітуацыі на Блізкім Усходзе, асабліва ў Іране і Сірыі, дзе пастаянная напружанасць прыводзіць да гібелі многіх людзей. “Спадзяюся і малюся, каб вы цярпліва культывавалі дыялог і мір, у пошуку агульнага дабра для ўсяго грамадства”, - зазначыў ён.
Леў XIV выказаў заклапочанасць у сувязі з новымі атакамі ва Украіне, накіраванымі, перш за ўсё, на энергетычную інфраструктуру, якія асабліва цяжка адбіваюцца на насельніцтве ў халодны перыяд. “Малюся за тых, хто пакутуе, і аднаўляю заклік спыніць гвалт і актывізаваць намаганні па дасягненні міру”, - сказаў ён.
Напрыканцы сустрэчы Папа прывітаў усіх рымлян і пілігрымаў, якія сабраліся на Плошчы Святога Пятра, падзякаваўшы ім на розных мовах: “Grazie, thank you, muchas gracias!”
