Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота  (@VATICAN MEDIA)

Папа: свабода думкі нараджаецца ў супастаўленні ідэй

Без свабоднага супастаўлення ідэй няма свабоды думкі, - нагадаў Леў XIV у лісце, у якім звярнуўся да рэдакцыі і чытачоў італьянскага выдання “Il Foglio” з нагоды яго 30-годдзя.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік падкрэсліў, што ў наш час вялікіх перамен разнастайнасць крыніц інфармацыі, якой спрыяе ў тым ліку і дзейнасць выдання “Il Foglio”, была і застаецца “надзейнай гарантыяй свабоды”.

“Магчымасць распаўсюджваць розныя меркаванні і прапаноўваць розныя інтэрпрэтацыі фактаў – гэта і ёсць аснова свабоднага абмену ідэямі. Без гэтага няма свабоды думкі, а ёсць толькі адмаўленне годнасці кожнага чалавека і яго права думаць”, - заўважыў Папа.

“Трэба спрыяць дыялогу і не паддавацца экстрэмісцкай і падманлівай палярызацыі, якая зводзіць рэальнасць да пародыі, культурныя і рэлігійныя карані – да ярлыкоў, а мысленне – да разлікаў”, - дадаў ён.

“Свабодны друк і ўсе сродкі масавай інфармацыі ў цэлым пакліканы выконваць гэту высакародную місію: фармаваць праз інфармаванне. І такім чынам спрыяць будаванню больш справядлівага і мірнага свету”, - напісаў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што гэта заданне патрабуе “вялікага пачуцця адказнасці”, напрыклад, здольнасці адрозніваць “максімальна аб’ектыўны пераказ фактаў ад выразу ўласнага меркавання пра іх, заўсёды застаючыся адкрытымі для дыскусіі”.

Пантыфік пажадаў італьянскаму выданню заўсёды “натхняцца імкненнем да будучыні, пабудаванай на сустрэчах, а не на сутыкненнях, і такім чынам абараняць прыгажосць нашага жыцця”.
 

31 студзеня 2026, 09:40