Першы візіт ad limina да Льва XIV: заклік да еднасці і сінадальнасці

Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане славенскіх біскупаў у рамках іх традыцыйнага візіту ad limina Аpostolorum. Аўдыенцыя стала кульмінацыяй тыдня малітвы, перамоў і сустрэч іерархаў Славеніі ў Рыме.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Раніцай 16 студзеня 2026 года ў Апостальскім палацы адбылася аўдыенцыя Святога Айца для славенскага епіскапату. Візіт ad limina стаў першым пасля працяглага перапынку, выкліканага зменай пантыфікатаў. З аднаўленнем сустрэч, біскупы зноў маюць непасрэдную магчымасць дзяліцца з Папам навінамі з жыцця мясцовых Касцёлаў і выклікамі, якія стаяць перад імі.

Як распавёў ватыканскім СМІ старшыня Канферэнцыі Біскупаў Славеніі мансеньёр Андрэй Сае. Сустрэча з Пантыфікам была “выдатным досведам”, асабліва для тых іерархаў, якія ўпершыню ўдзельнічалі ў візіце ad limina. “Папа прыняў нас па-братэрску і вельмі ўважліва выслухаў”, - падкрэсліў іерарх, дадаючы, што ён перадаў Святому Айцу прывітанне і малітвы духавенства і вернікаў Славеніі.

На аўдыенцыі абмяркоўваліся пытанні з жыцця славенскага Касцёла і асноўныя выклікі, з якімі ён сутыкаецца. Паводле старшыні епіскапату, гэтыя праблемы шмат у чым падобныя да тых, што існуюць у іншых краінах, але ёсць і некаторыя асаблівасці, такія як спадчына камунізму.

Асобную ўвагу Папа надаў тэмам еднасці і сінадальнасці. Ён пацікавіўся ходам сінадальнага шляху ў Славеніі і заахвоціў біскупаў працягваць рухацца па ім наперад, падкрэсліваючы важнасць адзінства паміж біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі, сем’ямі і свецкімі вернікамі. Сінадальнасць – гэта такі ўдзел, які патрабуе слухання Святога Духа, каб лепш зразумець, што кажа Пан, і даручыць Яму трывогі нашага часу. “Будзьце сябрамі, браты, бо вы – наступнікі апосталаў”, - сказаў Пантыфік.

Акрамя папскай аўдыенцыі, у праграму тыднёвага візіту ad limina увашло наведванне магіл апосталаў Пятра і Паўла і каля дваццаці сустрэч з прадстаўнікамі дыкастэрый Рымскай курыі.

17 студзеня 2026, 10:30