Эпіфанія надзеі: радасць магчымая нават у цяжкія часы
Марыя Валодзіна - Vatican News
Папа нагадаў, што ўрачыстасць Аб’яўлення Пана (Эпіфанія) ужо самой назвай падказвае нам, што радасць магчымая нават у цяжкія часы. Наша радасць нараджаецца з Таямніцы, якая больш не схаваная. Бог адкрыў Сваё жыццё чалавецтву. Ён прамаўляў да людзей шмат разоў і рознымі спосабамі, але з найбольшай яснасцю – у Езусе Хрысце. Таму, нават сярод шматлікіх выпрабаванняў, мы можам спадзявацца. Бог – Збаўца. Усё, што паходзіць ад Яго і з’яўляецца Яго Аб’яўленнем, вядзе да свабоды і збаўлення, - сказаў Леў XIV.
Калі мудрацы з Усходу схіляюцца перад Дзіцяткам у Бэтлееме, яны вызнаюць, што знайшлі сапраўдную чалавечнасць, у якой ззяе слава Божая. У Езусе з’явілася сапраўднае жыццё: не замкнёнае на сабе, але адкрытае і ў еднасці. Гэта тое жыццё, якое дазваляе нам прамаўляць: “Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі” (Мц 6:10). Боскае жыццё стала блізкім, дасягальным. Яно адкрылася, каб уцягнуць нас у дынаміку вызвалення – тую, што разбурае страхі і дае супакой. Гэта не прымус, а магчымасць, запрашэнне. Бо што можа быць больш жаданым, чым еднасць? – спытаў Папа.
Евангелле апавядае, як мудрацы прынеслі Дзіцятку Езусу каштоўныя дары: золата, кадзіла і міра (Мц 2:11). Яны не маюць практычнай карысці для немаўляці, але нясуць глыбокі сэнс. Той, хто дае ўсё, дае сапраўды шмат. Пантыфік нагадаў пра бедную ўдаву, якая ахвяравала ў храме апошняе, што мела (Лк 21:1-4). Мы не ведаем, чым валодалі мудрацы з усходу, важна, што яны пайшлі ў дарогу, рызыкавалі і аддалі тое, што мелі. Іх прыклад нагадвае: усё, чым мы з’яўляемся і што маем, заклікана быць ахвяраваным Езусу – неацэннаму скарбу, - сказаў Святы Айцец.
Юбілейны год зноў нагадаў нам пра справядлівасць, заснаваную на бескарыслівасці. Першапачаткова Юбілей заклікаў да рэарганізацыі суіснавання людзей, да пераразмеркавання зямлі і рэсурсаў, да вяртання да Божых мараў, якія большыя за нашы ўласныя, - адзначыў Пантыфік.
“Надзея, якую мы абвяшчаем, павінна цвёрда стаяць на зямлі. Яна паходзіць з неба, але паклікана нарадзіць тут, на зямлі, новую гісторыю. У дарах мудрацоў мы бачым тое, што кожны з нас можа зрабіць супольным, можа больш не трымаць для сябе, а падзяліць з іншымі, каб Езус узрастаў сярод нас”, - зазначыў Леў XIV.
“Няхай узрастае Яго Валадарства, каб здзяйсняліся ў нас Яго словы, каб чужынцы і ворагі станавіліся братамі і сёстрамі, каб замест няроўнасці панавала справядлівасць, а замест індустрыі вайны – рамяство міру. Як ткачы надзеі, рушым у будучыню іншай дарогай (пар. Мц 2:12), - заклікаў Папа.