Базіліка Святога Паўла па-за мурамі: адкрыты партрэт Папы

Мазаічны партрэт Льва XIV у Базіліцы Святога Паўла па-за мурамі быў адкрыты 25 студзеня 2026 года, напярэдадні нешпараў, якія ён узначаліў на заканчэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

130-кілаграмовы медальён дыяметрам 137 сантыметраў быў змешчаны ў правай наве базілікі на вышыні трынаццаці метраў. Ён стаў чарговым элементам галерэі, у якой прадстаўлены партрэты ўсіх 267-мі Пантыфікаў.

Традыцыя з часоў Льва Вялікага

Пачатак традыцыі размяшчэння папскіх партрэтаў у Базіліцы Святога Паўла па-за мурамі даў у V стагоддзі Леў Вялікі. Спачатку выявы былі намаляванымі, але іх моцна пашкодзіў пажар, які здарыўся ў базіліцы ў 1823 годзе.

У 1847 годзе Пій IX вырашыў аднавіць галерэю ў адбудаванай пасля трагічнага здарэння святыні. Ён даручыў гэта заданне Ватыканскай студыі мазаікі. Менш чым за паўгода былі намаляваны партрэты 262-х Папаў, а затым на іх аснове былі зроблены мазаічныя выявы.

Леў XIV асабіста ўхваліў варыянт партрэта

Традыцыя выканання мазаікі на падставе намаляванага партрэта захоўваецца да сённяшняга дня. Аўтарам выявы Льва XIV стаў італьянскі мастак Радольфа Папа. Святы Айцец асабіста выбраў варыянт партрэта з чатырох прадстаўленых яму эскізаў.

Камандная праца

Стварэнне мазаікі, якая складаецца з пятнаццаці тысяч элементаў, заняло каля трох месяцаў. Над партрэтам адначасова працавалі тры мастакі – адзін выканаў твар Папы, другі – драпіроўку, трэці – літургічную вопратку. Над залатым фонам працавала амаль уся каманда, задзейнічаная ў рэалізацыі медальёна – адзінаццаць спецыялістаў па мазаіцы і тры стажоры.

Размяшчэнне ў саборы

14 студзеня партрэт быў прадстаўлены Папу, які застаўся вельмі задаволены вынікам працы. Затым медальён даставілі з Ватыкана ў Базіліку Святога Паўла па-за мурамі і размясцілі ў галерэі на фрызе. Апошнім этапам стала ўключэнне адмысловай падсветкі. Паводле традыцыі, партрэт Святога Айца будзе падсветлены на працягу ўсяго яго пантыфікату.
 

26 студзеня 2026, 09:39