Urbi et Orbi: шлях да міру – адказнасць кожнага з нас
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Дарагія браты і сёстры! Узрадуемся ўсе Пану: наш Збаўца нарадзіўся ў свеце. Сёння з неба да нас зышоў сапраўдны супакой – гэты спеў літургіі Божага Нараджэння пераклікаецца ў Касцёле з весткай з Бэтлеема: Дзіця, народжанае ад Панны Марыі, – гэта Хрыстус Пан, пасланы Айцом, каб збаўляць нас ад граху і смерці. Ён – наш супакой, Той, хто перамог нянавісць і варожасць міласэрнай любоўю Бога. Таму "Божае Нараджэнне ёсць Божае Нараджэнне супакою", - сказаў Папа.
Езус нарадзіўся ў стайні, бо для Яго не знайшлося месца ў жыллі. Калі Ён нарадзіўся, Маці Марыя спавіла Яго і паклала ў яслi. Сын Божы, праз Якога ўсё сталася, не быў прыняты, і Яго калыскай стала бедная кармушка для жывёл, - нагадаў Святы Айцец.
Вечнае Слова Айца, якое не змяшчалася ў нябёсах, абрала прыйсці ў свет такім чынам. З любові Ён нарадзіўся ад жанчыны, каб падзяліць з намі нашу чалавечую долю; з любові прыняў беднасць і адрынутасць, стаўшы адным з тых, каго адштурхоўваюць і выключаюць, - сказаў Леў XIV.
Божае Нараджэнне і адказнасць кожнага
У Нараджэнні Езуса ўжо відаць асноўны выбар, які будзе накіроўваць усё жыццё Сына Божага да самай смерці на крыжы: выбар не перакладаць цяжар граху на нас, а ўзяць яго на сябе. Гэта мог зрабіць толькі Ён. Але Ён паказаў і тое, што залежыць ад нас: кожны павінен узяць на сябе сваю долю адказнасці. Бо Бог, які стварыў нас без нас, не можа збавіць нас без нас, без нашай свабоднай волі любіць. Той, хто не любіць – не збаўляецца, ён страчаны. І хто не любіць брата, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць, - сцвердзіў Папа.
“Браты і сёстры, вось шлях да міру – адказнасць. Калі б кожны з нас, на ўсіх узроўнях, замест таго каб вінаваціць іншых, спачатку прызнаваў уласныя памылкі і прасіў прабачэння ў Бога, калі б ставіў сябе на месца тых, хто пакутуе, і спачуваў тым, хто слабы і прыгнечаны, свет змяніўся б”, - заклікаў Святы Айцец.
Шлях міру і прабачэння
Езус Хрыстус – наш мір, бо Ён вызваляе нас ад граху і паказвае шлях, як пераадольваць усе канфлікты, асабістыя і міжнародныя. Без сэрца, вольнага ад граху і прабачанага, немагчыма быць будаўнікамі міру. Таму Езус нарадзіўся ў Бэтлееме і памёр на крыжы, каб пазбавіць нас ад граху. З Яго ласкай мы можам і павінны кожны ўнесці свой уклад у тое, каб адкінуць нянавісць, гвалт і супрацьстаянне і абраць дыялог, мір і прымірэнне, - сказаў Леў XIV.
Благаслаўленне народаў
“У гэты святочны дзень я хачу перадаць цёплае айцоўскае прывітанне ўсім хрысціянам, асабліва тым, хто жыве на Блізкім Усходзе, дзе я нядаўна пабываў у першым апостальскім падарожжы. Я чуў іх страхі і добра ведаю іх пачуццё бездапаможнасці перад дынамікай улады, якая іх пераўзыходзіць. Дзіця, што сёння нарадзілася ў Бэтлееме, - гэта той самы Езус, які кажа: “Каб вы мелі ўва Мне спакой. У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет" (Ян 16,33), - нагадаў Папа.
“Просім Яго аб справядлівасці, міру і стабільнасці для Лівана, Палесціны, Ізраіля, Сірыі, давяраючы гэтым чароўным словам: “Плёнам справядлівасці будзе мір, а вынікам справядлівасці – спакой і бяспека навекі"(ІС 32: 17) – звярнуўся Пантыфік.
Святы Айцец даручыў Хрысту ўвесь еўрапейскі кантынент, каб ён працягваў натхняць духам супольнасці і супрацоўніцтва, заставаўся верным сваім хрысціянскім караням і гісторыі, быў салідарны з тымі, хто мае патрэбу ў падтрымцы. “Мы асабліва молімся за змучаны ўкраінскі народ, каб змоўк грукат зброі, і ўцягнутыя бакі, падтрыманыя абавязацельствамі міжнароднай супольнасці, здабылі мужнасць весці сумленны, прамы і паважлівы дыялог”, - сказаў Папа.
“Просім Дзіцятка з Бэтлеема аб міры і суцяшэнні для ахвяр усіх войнаў, якія адбываюцца ў свеце, асабліва забытых; для тых, хто пакутуе ад несправядлівасці, палітычнай нестабільнасці, рэлігійных пераследаў і тэрарызму. Я асабліва думаю пра братоў і сясцёр з Судана, Паўднёвага Судана, Малі, Буркіна-Фасо і Дэмакратычнай Рэспублікі Конга”, - запэўніў Святы Айцец.
“У гэтыя апошнія дні Юбілею надзеі молімся Богу, які стаў чалавекам, за дарагі народ Гаіці, каб ён спыніў усе формы гвалту ў краіне і прасунуўся на шляху да міру і прымірэння”, - дадаў Пантыфік.
Няхай Немаўля Езус натхніць палітычных лідараў Лацінскай Амерыкі шукаць агульнае дабро праз дыялог, а не ідэалагічнае і прадузятае выключэнне, - пажадаў Леў XIV.
Святы Айцец даручыў Хрысту таксама М’янму, каб Ён асвятліў краіну святлом будучага прымірэння: адрадзіў надзею ў маладым пакаленні, накіраваў увесь бірманскі народ на мірныя шляхі і суправаджаў тых, хто жыве без жылля, бяспекі або ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
Папа папрасіў Пана аднавіць старажытнае сяброўства паміж Тайландам і Камбоджай, каб уцягнутыя бакі працягвалі імкнуцца да прымірэння і міру.
Ён даверыў Езусу народы Паўднёвай Азіі і Акіяніі, якія пацярпелі ад нядаўніх стыхійных бедстваў, і заклікаў усіх з упэўненасцю аднавіць салідарнасць з пацярпелымі.
Адкрыць сэрцы на чужыя пакуты
“Дарагія браты і сёстры, у цемры ночы “было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека” (Ян 1,9), але “свае Яго не прынялі” (Ян 1:11). Не будзем абыякавымі да чужых пакут, бо Бог не абыякавы да нашых пакут”, - сказаў Пантыфік.
Становячыся чалавекам, Езус бярэ на сябе нашу ўразлівасць: Ён з тымі, хто страціў усё, як жыхары Газы; з галоднымі і беднымі, як народ Емена; з бежанцамі і мігрантамі, якія перасякаюць Міжземнае мора або вандруюць па амерыканскім кантыненце; з маладымі, якія страцілі працу; з вязнямі турмаў, з тымі, хто жыве ў нечалавечых умовах, - сцвердзіў Святы Айцец.
У гэты святы дзень адкрыем сэрцы тым, хто ў патрэбе і болю. Так мы адкрыем іх і для Дзіцятка Езуса, якое з распасцёртымі абдымкамі вітае нас і раскрывае нам сваю Боскасць: “тым, якія прынялі Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі” (Ян 1:12), - заклікаў Леў XIV.
Хрыстус заўсёды з намі
Праз некалькі дзён скончыцца Юбілейны год, Святыя Брамы зачыняцца, але Хрыстус, наша надзея, заўсёды застаецца з намі! Ён – дзверы, якія ніколі не зачыняюцца. Ён не прыйшоў асуджаць, але збаўляць. Ён прыйшоў, каб застацца і ахвяраваць сябе. У Ім гоіцца кожная рана і кожнае сэрца знаходзіць супакой. "Божае Нараджэнне – гэта нараджэнне міру. Ад усяго сэрца жадаю ўсім спакойнага Божага Нараджэння!” – пажадаў Папа напрыканцы паслання, благаслаўляючы вернікаў з цэнтральнай лоджыі Базілікі Святога Пятра.
