Папа наведаў выставу рукапіснай Бібліі ў Бібліятэцы Сената Італіі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пантыфік наведаў выставу пасля візіту ў Апостальскую нунцыятуру ў Рыме, які здзейсніў 18 снежня 2025 года з нагоды набліжэння свята Божага Нараджэння. Ён прыбыў у рымскі Палац Мінервы, у якім знаходзіцца Бібліятэка Сената, у суправаджэнні свайго найбліжэйшага супрацоўніка, кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна.
Льва XIV сустрэў старшыня Сената Іньяцыа Ла Руса, якога суправаджаў генеральны сакратар Фэдэрыка Сільвіа Таньята. Разам з імі Пантыфік адправіўся ў Капітулярную залу палаца, дзе пазнаёміўся з выставай ілюстраванай рукапіснай Бібліі, створанай у двух тамах паміж 1455 і 1461 гадамі на замову першага герцага Ферары Борса д’Эстэ. Выданне носіць імя гэтага мецэната эпохі Адраджэння.
