Пантыфік да супольнасці "Тэзэ": стаць пілігрымамі міру і даверу
Марыя Валодзіна - Vatican News
48-я Еўрапейская сустрэча, арганізаваная Супольнасцю "Тэзэ", сёлета пройдзе ў Парыжы з 28 снежня 2025 года да 1 студзеня 2026 года.
У пасланні за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна Святы Айцец перадаў удзельнікам гэтага мерапрыемства сардэчнае прывітанне і запэўніў у сваёй духоўнай блізкасці. Сустрэча адкрывае новы этап у "пілігрымцы веры на зямлі", якую амаль паўстагоддзя таму менавіта ў Парыжы распачаў брат Ражэ, - гаворыцца ў лісце.
Папа з радасцю даведаўся, што моладзь "Тэзэ" сабралася ў гэтым горадзе з багатай рэлігійнай спадчынай, якая на працягу стагоддзяў фарміравалася дзякуючы яркаму сведчанню многіх святых, якія, кожны па-свойму, смела адгукнуліся на пакліканне Хрыста.
Тэма сёлетняй сустрэчы “Што ты шукаеш?”, прапанаваная прыёрам супольнасці братам Мэцью, закранае важнае пытанне, якое жыве ў сэрцы кожнага. Святы Айцец заклікае не баяцца гэтага пытання, а адказаць на яго ў малітве і маўчанні, з упэўненасцю, што Хрыстус ідзе побач і дазваляе знайсці сябе ўсім, хто шукае Яго са шчырым сэрцам, - гаворыцца ў пасланні.
У канцы года, адзначанага столькімі выпрабаваннямі для нашай чалавечай сям’і, шчодрая гасціннасць, якую моладзь "Тэзэ" атрымае ў Парыжы ад вернікаў і людзей добрай волі, стане моцным пасланнем для ўсяго свету. Пантыфік пажадаў, каб моманты малітвы і еднасці падчас сустрэчы дапамаглі моладзі паглыбіць веру і ясней зразумець, як жыць згодна з Евангеллем ў канкрэтных рэаліях.
Сустрэча праходзіць у асаблівы момант у жыцці Касцёла – час завяршэння Юбілейнага года і святкавання 1700-годдзя Нікейскага Сабора. Як нагадаў Леў XIV падчас экуменічнай малітвы ў Ізніку, сёння заклік да прымірэння зыходзіць ад усяго чалавецтва, якое пакутуе ад канфліктаў і гвалту. Імкненне ўсіх, хто верыць у Хрыста, да поўнай еднасці заўсёды суправаджаецца імкненнем да братэрства ўсіх людзей, - гаворыцца ў пасланні.
Святы Айцец заклікаў моладзь "Тэзэ" стаць пілігрымамі даверу, стваральнікамі міру і прымірэння, здольнымі несці людзям сціплую і радасную надзею. Ён даверыў супольнасць "Тэзэ" заступніцтву Панны Марыі і даслаў яе ўдзельнікам сваё апостальскае благаслаўленне.
