Пошук

Папа да Курыі: выконваць місію і спрыяць еднасці ў падзеленым свеце

Падчас аўдыенцыі для Рымскай курыі з нагоды свята Божага Нараджэння Леў XIV звярнуў увагу на ключавыя для Касцёла тэмы місіі і камуніі. Сустрэча з кардыналамі, біскупамі, святарамі і супрацоўнікамі Апостальскай Сталіцы адбылася ў Ватыкане 22 снежня 2025 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Папа нагадаў, што нараджэнне Хрыста ў Бэтлееме пранізвае ўсю гісторыю чалавецтва і нясе нам радасць і надзею, таму што нарадзіўся Збаўца, “стаў нашым братам і назаўжды застанецца Богам з намі”. Гэтая радасць дазваляе з удзячнасцю глядзець на падзеі, якія разгортваюцца і ў жыцці Касцёла.

Леў XIV згадаў свайго папярэдніка, Папу Францішка, які пакінуў багатую спадчыну: “прароцкі голас, пастырскі стыль і багатае вучэнне, якое заахвочвае ставіць у аснову Божую міласэрнасць, надаваць новы імпульс евангелізацыі і быць радасным Касцёлам, гасцінным да ўсіх і ўважлівым да самых бедных”.

Аўдыенцыя Папы для Рымскай курыі
Аўдыенцыя Папы для Рымскай курыі   (@VATICAN MEDIA)

Спасылаючыся на адгартацыю “Evangelii gaudium”, Пантыфік звярнуў увагу на два фундаментальных аспекта жыцця Касцёла: місію і еднасць. Ён падкрэсліў, што Касцёл па сваёй прыродзе місійны і пакліканы пастаянна ісці ў свет.

Місія бярэ пачатак у сэрцы Святой Тройцы: Айцец пасылае ў свет Сына свайго, "каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае" (Ян 3:16). Таму і структуры Касцёла, у тым ліку Рымская курыя, пакліканы не запавольваць абвяшчэнне Евангелля або перашкаджаць дынамізму евангелізацыі, а рабіць іх больш місійнымі. “У духу нашай сумеснай адказнасці пры хросце мы ўсе пакліканы супрацоўнічаць у місіі Хрыста”, - нагадаў Папа. Праца Курыі павінна спрыяць пастырскаму клопату аб канкрэтных мясцовых Касцёлах. “Нам патрэбна ўсё больш місійная Рымская курыя, у якой інстытуты, пасады і задачы былі б прадуманы ў святле асноўных касцёльных, душпастырскіх і сацыяльных задач сённяшняга дня, а не проста для звычайнага кіравання”, - адзначыў Леў XIV.

Аўдыенцыя для Рымскай курыі
Аўдыенцыя для Рымскай курыі   (@VATICAN MEDIA)

Другім неад’емным аспектам касцёльнага жыцця Папа назваў еднасць. Божае Нараджэнне нагадвае пра мэту місіі Хрыста – Ён прыйшоў, каб адкрыць сапраўдны твар Бога Айца, каб мы ўсе маглі стаць Яго дзецьмі і, такім чынам, братамі і сёстрамі. Гэтае адзінства павінна праяўляцца як ad intra, унутры Касцёла, так і ad extra, у яго сведчанні свету.

Леў XIV прызнаў, што еднасць не даецца аўтаматычна, неабходна прыкладаць намаганні, каб захаваць яе. Адзінству пагражаюць падзелы, спакусы аднастайнасці і абвастрэння рознагалоссяў, калянасць і ідэалагізацыя. “І ўсё ж мы – Касцёл Хрыстовы, Яго члены, Яго цела. Мы браты і сёстры ў Ім. І ў Хрысце, нягледзячы на тое, што нас шмат і мы розныя, мы адзіныя: In Illo uno unum”, - нагадаў Святы Айцец.

Рымская курыя паклікана будаваць еднасць ў сінадальным Касцёле, дзе ўсе супрацоўнічаюць у адной місіі, кожны ў адпаведнасці са сваёй харызмай і роляй. Адзінства будуецца не столькі на словах і дакументах, колькі на канкрэтных паўсядзённых жэстах і стаўленні, у тым ліку і на працы, - нагадаў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што нават у Рымскай курыі часам узнікае расчараванне пэўнай дынамікай, звязанай з імкненнем да ўлады, жаданнем атрымаць верх або пераследам асабістых інтарэсаў. “Тады мы пытаемся: ці магчымае сяброўства ў Рымскай курыі? Ці магчыма падтрымліваць адносіны сапраўднага братэрскага сяброўства? Сярод штодзённай цяжкай працы прыемна знайсці надзейных сяброў, якія не носяць маскі, нікога не выкарыстоўваюць і не адсоўваюць на другі план, прапануюць шчырую падтрымку і паважаюць каштоўнасць і кампетэнтнасць кожнага чалавека, прадухіляючы крыўды і незадаволенасць. Такія адносіны патрабуюць асабістага навяртання, каб праз іх прасвечвала любоў Хрыста, якая робіць нас братамі і сёстрамі”, - сказаў Святы Айцец.

Папская аўдыенцыя для Курыі
Папская аўдыенцыя для Курыі   (@Vatican Media)

Унутраная еднасць мае і знешняе вымярэнне. У свеце, параненым разладамі, гвалтам і канфліктамі, а таксама ростам агрэсіі і азлаблення ў лічбавай сферы і ў палітыцы, Касцёл пакліканы быць прароцкім знакам для ўсяго свету, пакліканы сведчыць пра Валадарства Божае, становячыся закваскай усеагульнага братэрства паміж народамі, культурамі і рэлігіямі, - сцвердзіў Папа.

Пантыфік зазначыў, што місія і еднасць магчымыя, калі ставіць на першае месца Хрыста. Юбілейны год нагадаў, што толькі Ён з'яўляецца надзеяй, якая не расчароўвае. Дзве важныя гадавіны, Нікейскага і Другога Ватыканскага Сабораў, вяртаюць Касцёл да вытокаў веры і адначасова накіроўваюць наперад, да дыялогу з сучасным светам. Нарэшце, апублікаваная пяцьдзесят гадоў таму адгартацыя “Evangelii nuntiandi”, падкрэслівае, што місія евангелізацыі ўскладзена на ўвесь Касцёл, а найпершым сродкам евангелізацыі застаецца сведчанне сапраўды хрысціянскага жыцця.

Напрыканцы прамовы Леў XIV пажадаў Рымскай курыі святога Божага Нараджэння. “Няхай Пан даруе нам Сваю пакору, спагаду і любоў, каб мы маглі кожны дзень быць Яго вучнямі і сведкамі”. “Няхай Пан прынясе нам Сваё святло і даруе мір усяму свету”, - пажадаў Папа.

Папская аўдыенцыя для Рымскай курыі з нагоды Божага Нараджэння
Папская аўдыенцыя для Рымскай курыі з нагоды Божага Нараджэння   (@VATICAN MEDIA)
22 снежня 2025, 11:35