Пілігрымы з Іспаніі ў Ватыкане: Леў XIV пра святаць
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У панядзелак раніцай, 29 снежня 2025 года, Леў XIV сустрэўся ў Ватыкане з групай пілігрымаў з іспанскага горада Алькала-дэ-Энарэс. Госці прадстаўлялі парафію, названую ў гонар святога Тамаша з Вільянуэвы.
Сустрэча прайшла ў цёплай атмасферы актавы Божага Нараджэння, падчас якой Пантыфік падзякаваў вернікам за іх малітоўную падтрымку і шчодрасць у гэты Юбілейны год, падкрэсліўшы важнасць жэстаў касцельнай камуніі і блізкасці.
Святы неспакой сэрца: пошук Бога ў штодзённасці
Звяртаючыся да постаці апекуна парафіі, Леў XIV вылучыў тры адметныя рысы святога, якія застаюцца актуальнымі для сучасных хрысціян. Першай з іх з'яўляецца "нястомны пошук бесперапыннай малітвы". Папа патлумачыў, што гаворка ідзе пра своеасаблівы "святы неспакой" – жаданне пастаянна знаходзіцца ў прысутнасці Бога. Гэта патрабуе глыбокай унутранай працы і гатоўнасці пачуць голас Пана і дазволіць Яму дзейнічаць.
Другой важнай рысай святога Тамаша была яго працавітасць. Пантыфік заўважыў, што гэта кідае выклік сучаснаму свету, які часта прапануе ўсё атрымаць "хутка і лёгка".
Прыклад святога біскупа, яго сціпласць, самаадданая праца, асабліва ва ўніверсітэцкім асяроддзі, і апостальская руплівасць нагадваюць пра адказнасць за атрыманыя таленты. Іх неабходна развіваць з высілкам і прысвячэннем, каб яны служылі на карысць усёй супольнасці.
Папа пра дабрачыннасць
Асаблівую ўвагу Леў XIV надаў трэцяй рысе святога – яго любові да бедных. Папа адзначыў, што ў парафіі гасцей гэты аспект рэалізуецца праз канкрэтныя справы. Ён падкрэсліў фундаментальную ісціну хрысціянскай міласэрнасці – бачыць у бедных сакрамэнтальную прысутнасць Хрыста.
На заканчэнне сустрэчы Леў XIV заахвоціў пілігрымаў крочыць слядамі Хрыста, натхняючыся сведчаннем святых, і даверыў іх апецы Маці Божай Эль-Вальскай (Nuestra Señora de El Val).
